У Вялікі чацвер заканчваецца перыяд Вялікага посту і распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум. Гэта тры этапы адзінай збаўчай падзеі Вялікадня Хрыста. Завяршаецца Пасхальны Трыдуум у Велікодную нядзелю.
Раніцай Вялікага чацвярга ў катэдральных касцёлах адпраўляецца св. Імша Хрызма, падчас якой бласлаўляецца алей. Яе цэлебруюць біскупы і прэзбітэры дыяцэзіі. Святары абнаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні. Увечары цэлебруецца св. Імша ва ўспамін Апошняй вячэры. На ёй заключны раз перад Пасхальнай Вігіліяй гучаць званы. Яны змаўкаюць пасля гімна “Хвала на вышынях Богу”. На гэтай св. Імшы святары здзяйсняюць абрад абмывання ног парафіянам (у перыяд пандэміі адменены гэты абрад). Гэта робіцца ў знак пакоры і памяці аб тым, як Езус абмываў ногі сваім вучням. Працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам пераносіць Цела і Кроў Хрыста з галоўнага табэрнакулюма ў бакавы, гэтак званую “вязніцу”. Гэта сімвалічна адлюстроўвае арышт і заключэнне Езуса пад варту. Пасля вернікі некаторы час моляцца ў цішыні. Гасяцца лампады і свяцільні, не гучаць музычныя інструменты. З алтара здымаюцца ўсе пакровы, а крыжы завешваюцца тканінай, што сімвалізуе зняцце вопраткі з Езуса, Яго абсалютную неабароненасць.
У Вялікі чацвер былі ўстаноўлены сакраманты Эўхарыстыі і святарства. Заахвочваем да малітвы за святароў і ў інтэнцыі новых пакліканняў. Адкрываемся на сакрамант Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для выратавання душы. Нанова перажываем прыняцце св. Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Усявышнім. Па ўзору Хрыста, які прынізіў сябе, імкнёмся старанна служыць у братняй любові бліжняму.
для друку