У Вялікую пятніцу ў самым цэнтры Лондана прадставяць рэалістычны спектакль «Страсці Хрыстовы»

Ілюстрацыйнае фота

У самым сэрцы Лондана, на знакамітай велізарнай Трафальгарскай плошчы, тэатр Wintershall у 16-ы раз прадставіць рэалістычны спектакль «Страсці Хрыстовы».

Спектаклі на плошчы, прысвечанай перамозе адмірала Нэльсана над французскім і іспанскім флотамі пры Трафальгары (1805), сталі важнай часткай святкавання Вялікага тыдня ў Лондане і галоўнай турыстычнай славутасцю.

Штогод у Вялікую пятніцу яны прыцягваюць дзясяткі тысяч гледачоў — лонданцаў і турыстаў з усяго свету. Тэатр з графства Сурэй каля Брэмлі спецыялізуецца на манументальных вулічных пастаноўках самых вядомых біблейскіх сцэн. У гэтым грандыёзным відовішчы ўдзельнічаюць дзясяткі акцёраў у гістарычных касцюмах, а таксама жывёлы. Спектакль рэканструюе арышт, суд, распяцце Езуса і абвяшчэнне яго ўваскрэсення. Кіраўніцтва тэатра папярэджвае, што «Страсці Хрыстовыя» і распяцце прадстаўлены вельмі рэалістычна і кранальна, і заклікае бацькоў звяртаць асаблівую ўвагу на тое, як іх дзеці рэагуюць на спектакль.

Спектакль не толькі для хрысціян

Прадзюсар спектакля Шарлота дэ Клее пераканана, што гісторыя Езуса па-ранейшаму моцна прыцягвае людзей, асабліва ў сучасным свеце, адзначаным нявызначанасцю і ўзброенымі канфліктамі.

Яна адзначыла, што гэты аповед пра пакуты, ахвяру і надзею, безумоўна, прыцягвае не толькі хрысціян. Яна падкрэсліла, што найбольш драматычныя сцэны ў спектаклі суправаджаюцца адчувальнай напружанасцю і поўнай цішынёй. «Гэта адзіныя моманты, калі шумная і заўсёды перапоўненая плошча замірае», — прызнаецца яна.

Мэр Лондана Садык Хан сказаў, што «Страсці Хрыстовы» ператвараюць Трафальгарскую плошчу ў буйны культурны цэнтр, «дзе лонданцы і наведвальнікі могуць збірацца разам і разважаць над вельмі важнымі пытаннямі, незалежна ад сваёй рэлігіі. Тым больш, што пасланне аб спагадзе, любові і надзеі з’яўляецца ўніверсальным».

stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку