У Віцебску прайшла ХІІІ Міжнародная медыцынская канферэнцыя

Яна насіла назву “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”.

Мерапрыемства арганізавана па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі сумесна з упраўленнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама, Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і дзяржаўным універсітэтам імя Пятра Машэрава.

У працы канферэнцыі прымалі ўдзел не толькі прадстаўнікі Беларусі, але і Расіі, Італіі, Ватыкана, Францыі, Шры-Ланкі. Таму і распачалася канферэнцыя з наведвання медыцынскіх устаноў Віцебска, якое адбылося ў першай палове дня 9 чэрвеня.

Замежныя госці наведалі радзільны дом у Віцебску і дзіцячую абласную бальніцу. Супрацоўнікі гэтых устаноў паказалі абсталяванне і ўмовы, у якіх знаходзяцца хворыя, распавялі пра новыя метады дыягностыкі і лячэння, падзяліліся сваімі дасягненнямі. Госці з Еўропы задавалі шмат пытанняў, было відаць, што гэта тэма іх дужа цікавіць. Яны засталіся задаволенымі ўзроўнем медыцынскага персанала і тымі ўмовамі, у якіх утрымліваюцца хворыя.

У 12 гадзін удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў канферэнц-зале базы адпачынку “Крупеніна”, дзе ўласна і распачалася канферэнцыя. Пасля прывітальных словаў ад біскупа Алега Буткевіча і прадстаўнікоў уладаў былі заслуханы даклады.

Прафесар Рыкарда Марана з Італіі прадставіў свой даклад “Медыцына фертыльнасці і жаночае рэпрадукцыйнае здароўе”. Ён звярнуў увагу на тое, што у сучасным свеце жанчыны адкладаюць першыя роды на больш позні тэрмін, а гэта павялічвае рызыку як для здароўя дзіцяці, так і здароўя самой жанчыны. Таму мы павінны тлумачыць жанчынам, чым яна рызыкуе, калі вырашае нараджаць пасля трыццаці.

Дзіцячы тэрапеўт прафесар Аляксандр Окаракаў, які працуе ў Віцебску, свой даклад прысвяціў праблемам астэапароза ў дзяцей. Гэта хвароба, якая характарызуецца недастатковай масай касцей і іх трываласцю. Асноўныя фактары, якія на яе ўплываюць, гэта маларухомы вобраз жыцця, няправільнае харчаванне, шкодныя звычкі, такія як курэнне і злоўжыванне алкаголем, а таксама схільнасць да гэтай хваробы можа перадавацца ў спадчыну ад бацькоў. Прафесар прывёў статыстычныя дадзеныя па гэтай хваробе ў нашай краіне і акрэсліў шляхі змагання з астэапарозам.

Прафесар з Францыі Жак Судо, які з’яўляецца членам-карэспандэнтам папскай акадэміі навук, прадставіў даклад “Ідэальнае дзіця”, якое прапануецца сёння з развіццём прэнатальнай дыягностыкі”. Ён закрануў пытанні натуральнага адбору для чалавецтва і тыя этычныя і маральныя праблемы, якія пры гэтым узнікаюць. У якасці прыкладу ён прывёў нацыскую Германію, дзе кіраўнікі проста знішчылі каля 200 тысяч сваіх грамадзян, што лічыліся непаўнавартаснымі. Зараз з дапамогай сучасных генных тэхналогій грамадству спрабуюць навязаць думку, што можна зрабіць “ідэальнае дзіця”, убудаваўшы ў яго ДНК патрэбныя гены. Але і зараз навука не можа прадказаць як дзейнічае той ці іншы ген у спалучэнні з іншымі генамі. Таму да такіх пытанняў трэба падыходзіць вельмі асцярожна, каб не нашкодзіць. Да гэтага яшчэ дадаюцца маральныя і этычныя праблемы, звязаныя з чалавекам як стварэннем духоўным.

Кацярына Цыбульская з Віцебска прадставіла даклад “Аборт – выключнае права жанчыны ці глабальная праблема грамадства”. У сваім дакладзе яна прыраўняла аборт да забойства, разгледзіла яго з юрыдычнага боку, і напрыканцы задала пытанне, чаму мама, якая павінна быць абаронцай для дзіця, становіцца яго забойцай. Яна прывяла лічбы па Беларусі, дзе сумнае лідарства трымае якраз Віцебшчына, дзе на 100 родаў адбываецца 40 абортаў.

Даклад спадарыні Кацярыны выклікаў ажыўленую дыскусію, у якой прынялі актыўны ўдзел біскуп Алег Буткевіч і госця з Расіі Наталля Кухцінава, якая павінна была выступаць наступнай. Было відаць, што праблема абортаў хвалюе грамадства, да яе нельга ставіцца адназначна і яе трэба абмяркоўваць, каб максімальна знізіць забойства ненароджаных дзяцей.

Наталля Кухцінава, якая прыляцела на канферэнцыю з Навасібірску, свой даклад “Этыка і дэанталогія правядзення клінічных даследванняў у педыатрыі” прысвяціла праблеме медыцынскіх даследванняў дзіцячых хваробаў і метадах іх лячэння. Яна звярнула ўвагу, што дзяцячыя даследванні праводзіць нашмат цяжэй, чым даследванні на дарослых пацыентах.

Апошняй у першы дзень канферэнцыі выступіла сястра Дар’я Галубкова, магістр тэалогіі. Свой выступ яна прысвяціла праблемам біяэтыкі як навукі. Галоўным прынцыпам у працы ўрача павінен быць не нашкодзіць пацыенту, ён павінен разглядацца не толькі як фізічная, але і духоўная асоба.

А закончыўся першы дзень канферэнцыі Імшой у віцебскім касцёле Святога Духа, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У сваім слове ён звярнуў увагу на тое, што медыцына – гэта таксама пакліканне, гэта Дар Божы, які даецца чалавеку, каб ратаваць іншых людзей.

Бог хоча бачыць не толькі людзей здаровых духоўна, але і фізічна. Ён хоча, каб людзі былі шчаслівыя як тут на зямлі, так і ў жыцці вечным.

Бласлаўленнем ад біскупа Алега Буткевіча закончылася праца першага дня медыцынскай канферэнцыі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку