У Віцебску адчынілася выстава прац дзяцей, прысвечаных святу Божага Нараджэння

vicebsk_festyval04У межах фестываля “Дні хрысціянскай культуры” 22 снежня ў Віцебскім абласным мастацкім музеі адчынілася выстава прац дзяцей з гурткоў і студый Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Віцебск, прысвечаных святу Божага Нараджэння.

На выставе прадстаўлены разнастайныя тэхнікі: батык, саломка, выцінанка, маляванка, працы з прыродных матэрыялаў, дрэва, тканіны і інш. Дыпламантаў выставы-конкурсу прывіталі дырэктар Віцебскага абласнога мастацкага музея Вольга Акуневіч і дырэктар Віцебскага гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі Наталля Бальшакова. Традыцыйна ў час свята Божага Нараджэння выстава ладзіцца сумесна з Віцебскай дыяцэзіяй.

Да сабраных юных творцаў, настаўнікаў, гасцей звярнуўся канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Адам Дынак. Святар падзякаваў юным мастакам і іх настаўнікам за прыгожае сведчанне веры. Сваімі працамі маленькія майстры прыносяць Добрую Вестку аб нараджэнні Збаўцы. Працы з года ў год атрымліваюцца больш сталымі і прыгожымі. Таксама кс. Адам падзякаваў за захаванне народных традыцый і мовы. Для ўсіх удзельнікаў і дыпламантаў былі падрыхтаваныя салодкія падарункі і дыпломы. З настаўнікамі і дырэктарам мастацкага музея ксёндз-канцлер абмеркаваў праекты далейшага супрацоўніцтва.

Падчас імпрэзы гучалі калядныя спевы ў выкананні дзіцячага музычнага калектыва “Крэда”. Фестывальныя імпрэзы працягваюцца.

Людміла Ярмолава, тэкст
Барбара Сіпайла, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі