У Вінніцы на сцяне каля ўваходу ў касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе пачынаецца «Camino Podolico» — Падольскае адгалінаванне паломніцкага шляху да магілы св. Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла — быў устаноўлены сімвал гэтага атэставанага Радай Еўропы паломніцкага шляху — «сонечная ракавіна».
Знак уяўляе сабой керамічную пліту, зробленую ў форме ракавіны, якая знешне нагадвае стрэлку, накіраваную на захад — у той бок, куды будуць ісці пілігрымы.
«Гэта яшчэ адзін крок у развіцці гэтага паломніцкага шляху», — сказаў пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай бр. Аляксандр Магільны OFMCap, — Кожны, каму даводзілася падарожнічаць у гарах, мог заўважыць, што на пешых турыстычных маршрутах праз пэўную адлегласць робяцца адзнакі пэўнага колеру. Гэта робіцца для таго, каб той, хто ідзе па гэтым шляху, быў упэўнены, што ідзе правільна, што ён не збіўся з шляху.
Так і на «Camino Podolico» — знак, усталяваны на сцяне нашага касцёла, азначае пачатак дарогі. У бліжэйшы час дзесяць такіх жа малюнкаў будуць устаноўлены ў іншых знакавых кропках маршруту: у тых пунктах, дзе пілігрымы будуць ставіць адзнакі ў свае «пашпарты паломніка», якія яны будуць атрымліваць адпраўляючыся з Вінніцы».
Вясной гэтага года, пасля двухгадовага перапынку, быў афіцыйна адкрыты сезон праходжання Падольскага шляху св. Якуба. А 25 ліпеня мінулага года на месцы, адкуль пачынаецца паломніцкі шлях была ўрачыста асвечана фігура св. Якуба.
Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач