У Відзах адбылося асвячэнне капліцы безупыннай адарацыі

9 мая ў Відзах адбылася важная для парафіі падзея — біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў капліцу, у якой будзе адбывацца безупынная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Капліца ўзнікла дзякуючы ініцыятыве і намаганням айцоў салятынаў Альфрэда Пяхоты і Зянона Шчонхара, якія апякуюцца мясцовай парафіяй.

Дата асвячэння капліцы была абрана невыпадкова, бо яе апекуном з’яўляецца бласлаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, які падчас Другой Сусветнай вайны працаваў на суседніх тэрыторыях, а ў 1942 годзе быў расстраляны гітлераўцамі ва ўрочышчы Баркі каля Глыбокага.

Набажэнства распачалося на вуліцы ля капліцы, дзе разам сабраліся вернікі і святары на супольную малітву. У прывітальным слове біскуп Алег заўважыў, што святкуючы Уваскрашэнне Пана і важную для нашай краіны падзею — Дзень Перамогі, асаблівай малітоўнай апекай сёння ахінаем тых, хто аддаў сваё жыццё за мірнае неба. Іерарх падкрэсліў, што самая важная перамога ў жыцці кожнага чалавека — гэта перамога над грахом.

Паля супольнай малітвы і бласлаўлення будынка капліцы, яго Эксцэленцыя акрапіў памяшканне і асвяціў адмысловую драўляную манстранцыю, у якой будзе размяшчацца Найсвяцейшы Сакрамант для адарацыі.

Затым усе разам у працэсіі накіраваліся ў касцёл на святую Імшу.

Падчас гаміліі біскуп Алег адзначыў, што стварэнне капліцы, дзе ўвесь час будзе знаходзіцца Езус, з’яўляецца важнай і карыснай справай. Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – гэта пакланенне вернікаў перад таямніцай вечнага і міласэрнага Бога, які ненавідзіць зло, аднак прымае кожнага чалавека такім, якім ён ёсць, з усімі яго слабасцямі і правінамі.

Капліца безупыннай адарацыі размяшчаецца ў касцёле, які прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Марыя прыняла ў сваё сэрца Божае слова, якое стала целам, і, такім чынам, стала першай манстранцыяй. Бог праз Маці Божую ўчыніў вялікія рэчы і гатовы іх учыніць для кожнага з нас.

«Просім заступніцтва Божай міласэрнасці, каб гэтае месца, дзе будзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамант, стала месцам дзеяння асаблівай Божай ласкі. З сённяшняга дня вы маеце вялікі скарб — магчымасць прыйсці да Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакраманце, у любую хвіліну. Знаходзьце час, каб быць як мага даўжэй разам з Ім» — заахвоціў іерарх.

На заканчэнне святой Імшы памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, а затым ва ўрачыстай працэсіі накіраваліся ў капліцу. Вялікая гостыя, якая падчас Эўхарыстыі перамянілася ў Цела Хрыста, з вялікай пашанай і павагай была перанесена ў месца яе пастаяннага знаходжання.

У капліцы пробашч парафіі а. Альфрэд Пяхота MS устанавіў капсулу з Найсвяцейшым Сакрамантам на адмысловую драўляную манстранцыю.

А затым распачалася адарацыя, якая будзе працягвацца безупынна.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку