У Верхнядзвінску міністранты вучыліся быць рыцарамі Хрыста

У школах і іншых навучальных установах адэміцкі год распачынаецца 1 верасня, а ў школе міністрантаў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску заняткі распачаліся 27 жніўня.

Традыцыйна верхнядзвінскія міністранты збіраюцца на курсы падвышэння сваёй службовай кваліфікацыі на пачатку летніх канікулаў, але з-за напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі сустрэча была перанесена на канец жніўня.

У гэтым годзе да старэйшых хлопцаў далучыліся і два кандыдаты пяці і дзевяці год. Нягледзячы на такі маленькі ўзрост, яны добра дапасаваліся да супольнасці і адчувалі сябе часткай міністранцкага братэрства.

Тэма сёлетняй школы міністрантаў — “Быць рыцарам Хрыста”, а дэвізам былі абраныя словы з Паслання апостала Паўла да Эфесцаў (6.10,16-17): ”Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.”

Праграма, як заўсёды, была насычаная і арыгінальная. Акрамя традыцыйнай тэарэтычнай і практычнай навукі міністранта і біблійных разважанняў, у гэтым годзе дзеці пазнаёміліся з гісторыяй манаскіх рыцарскіх ордэнаў. Дапаўненнем да ведаў па рыцарскай тэматыцы стала настольная гульня Каркассон і футбольныя спаборніцтвы за рыцарскі ордэн пурпуровага сэрца. Вялікую цікавасць выклікаў курс цесляра, дзе кожны мог папрацаваць электрычным лобзікам і выразаць сабе драўлянага рыцара.

Шмат уражанняў выклікала падарожжа на славуты вадаспад на рацэ Вята, што ў Мёрскім раёне. Вяртаючыся з адпачынку на прыродзе нам пашчасціла наведаць касцёл Маці Божай Шкаплернай у Ідолце і папрасіць аб апецы Маці Божай для Беларусі.

На нядзельнай святой Імшы міністранты разам з дзецьмі нашай парафіі памаліліся аб паспяховым навучальным годзе і падзякавалі за час летняга адпачынку, просячы міласэрнага Бога аб дарах Духа святога для вучняў і настаўнікаў, катэхетаў і святароў.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч

для друку для друку