Прадстаўнікі монатэістычных абрамічных рэлігій – хрысціянства, юдаізма і ісламу, – падпісалі ў Ватыкане Супольную дэкларацыю па пытаннях, якія тычацца заканчэння жыцця.
Цырымонія прайшла 28 кастрычніка 2019 г. Ад імя Каталіцкага Касцёла подпіс паставіў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця. Удзельнікаў падзеі прыняў на прыватнай аўдыенцыі Папа Францішак.
Эўтаназія і самазабойства з урачэбнай дапамогай у дакуменце называюцца амаральнымі і дрэннымі з рэлігійнага пункту гледжання ўчынкамі. Гаворыцца пра тое, што яны павінны быць забаронены ва ўсіх без выключэння выпадках. Таксама адзначаецца, што ніводны супрацоўнік сферы аховы здароўя не можа схіляцца ці прымушацца да прычынення пацыенту смерці або да дапамогі яму ў самазабойстве, калі гэта супярэчыць яго рэлігійных перакананням.
Аўтары дакумента заклікаюць да паўсюднага забеспячэння прафесійнай паліятыўнай дапамогі. «Нават тады, калі адцягванне смерці здаецца цяжарам, беспадстаўным з рацыянальнага пункту гледжання, мы маральна і рэлігійна абавязаны забеспечыць асобе, якая памірае, а таксама яе сям’і, суцяшэнне, палёгку пакут, блізкасць, духоўнае суправаджэнне», — гаворыцца ў дэкларацыі.
Падпісанты пажадалі, каб заканадаўства і палітыка, стаялі на варце правоў і годнасці паміраючага пацыента, дазваляючы пазбегнуць эўтаназіі і падтрымліваючы паліятыўную дапамогу. Яны ўказалі на патрэбу ў аказанні духоўнай дапамогі тым, хто яе патрабуе, а таксама абавязаліся інфармаваць грамадскую думку і свае рэлігійныя супольнасці аб біяэтычных пытаннях.
У дэкларацыі гучыць заклік да палітыкаў і супрацоўнікаў медыцынскай сферы пазнаёміцца з вучэннем абрамічных рэлігій у гэтай сферы, каб забяспечыць паміраючым пацыентам і іх блізкім найлепшую апеку ў адпаведнасці з іх рэлігійнымі нормамі і традыцыямі.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку