У Удзеле ў «Сялібе Беззаганнай» упершыню адбыліся рэкалекцыі для моладзі

З 8 па 11 ліпеня ў Удзеле прайшлі рэкалекцыі для чальцоў Эўхарыстычнага руху маладых. Месцам іх правядзення стаў Дом Марыі, які быў урачыста адчынены 3 мая гэтага года. Рэкалекцыі для моладзі сталі першымі, якія адбыліся ў новапабудаванай «Сялібе Беззаганнай».

Эўхарыстычны рух маладых (ЭРМ) — гэта касцёльны рух, што аб’ядноўвае дзяцей і моладзь, якія разам перажываюць Евангелле і разам з Езусам хочуць будаваць новы свет. У наш час Эўхарыстычны рух маладых з’яўляецца міжнародным. У яго ўваходзяць каля трох мільёнаў маладых людзей ва ўсім свеце.

Суполка ЭРМ, у склад якой уваходзіць моладзь удзельскай і мосарскай парафій, была створана тры гады таму пад кіраўніцтвам айца Віктара Мялешкі OFMConv. За гэты час яна значна павялічылася і зараз складаецца з дзвюх груп: малодшай і старэйшай. Кожны тыдзень дзеці і моладзь збіраюцца на супольную сустрэчу, падчас якой разам моляцца, вучацца, спажываюць ежу і адпачываюць.

Мэтай Эўхарыстычнага руху маладых з’яўляецца дапамога дзецям і моладзі, якія ўжо прымаюць святую Камунію, трываць у любові, сяброўстве і еднасці з Езусам Эўхарыстычным. Для гэтага падрыхтавана спецыяльная фармацыйная праграма. Адно з правілаў ЭРМ — быць трынаццатым апосталам, а дэвіз руху — «Валадар над намі, Хрыстэ, заўсёды і ўсюды!».

Кожны, хто ўваходзіць у Эўхарыстычны рух моладзі, з’яўляецца рыцарам Езуса Хрыста, а значыць, мае свае абавязкі, якія для яго — прычына гонару. Ён павінен не толькі шчыра маліцца, часта ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаючы Камунію, і адараваць Езуса ў Эўхарыстыі, але і несці радасць, супакой і згоду ў сваё асяроддзе і да таго ж не піць алкагольных напояў, не паліць і не спрабаваць наркотыкаў.

Адмысловыя рэкалекцыі з духоўнымі практыкаваннямі па методыцы Lectio Divina, якія грунтуюцца на ўважлівым чытанні Божага Слова і разважанні над ім у кантэксце ўласнага жыцця, арганізаваў у чарговы раз для чальцоў руху з удзельскай і мосарскай парафіі айцец Віктар.

Святар адзначыў, што такія рэкалекцыі адбываюцца раз у год і працягваюцца пяць дзён. Падчас іх правядзення моладзь разважае над Словам Божым, абмяркоўвае пытанні, якія іх хвалююць, і разам бавіць час. Цэнтрам рэкалекцый з’яўляецца малітва: святая Імша з нешпарамі, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, ружанцовая малітва. Істотным момантам з’яўляецца супольнае перажыванне ўсіх этапаў рэкалекцый.

Умовы, створаныя ў «Сялібе Беззаганнай», спрыялі эфектыўнаму правядзенню рэкалекцый. Моладзь не толькі ўзбагацілася духоўна і адпачыла, але таксама ў духу ЭРМ вучылася жыць у супольнасці, служыць іншым з любоўю ў звычайных штодзённых сітуацыях, быць добрым, адкрытым і радасным.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку