Урачыстасць прайшла ў панядзелак 13 чэрвеня.
Менавіта ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін гэтага святога. Сёлетняя ўрачыстасць была адметнай дзвюма падзеямі: у гэты дзень сваю прыміцыйную Імшу адправіў малады святар айцец Павел Раманчук, таксама ў гэты дзень на фэсце ўпершыню выступілі дудары Юрась Панкевіч і Віталь Воранаў.
Імша распачалася з урачыстага ўваходу святароў у храм пад гукі дуды. Пробашч парафіі айцец Яраслаў Банасяк прадставіў маладога святара, які павінен быў узначаліць сваю першую Імшу. Праўда, айца Паўла парафіяне ўжо добра ведалі, бо ён родам з гэтых мясцін. Сваю духоўную практыку ён таксама праходзіў тут, у Удзеле.
Нягледзячы на працоўны дзень, храм быў запоўнены вернікамі. Акрамя жыхароў удзельскай парафіі, на фэст прыехала шмат гасцей з навакольных парафій.
Слова да вернікаў прамовіў айцец Сяргей Мацюшонак, які зараз працуе ў Віцебску. Ён распавёў вернікам пра жыццё святога Антонія, пра яго шлях да францішканаў, пра тыя цуды, які гэты святы ўчыняў пры сваім жыцці, а таксама пасля сваёй смерці. І зараз, нягледзячы на тое, што мінула ўжо амаль восем стагоддзяў пасля смерці святога, ён па ранейшаму карыстаецца вялікай пашанай у вернікаў.
Святы Антоній лічыцца апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных, дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы. Айцец Сяргей распавёў, што сам не раз звяртаўся ў малітве за дапамогай да святога, калі трэба было штосьці знайсці, і з яго боку заўсёды атрымліваў дапамогу.
Пасля казання адбылася працэсія з дарамі. Маладыя вернікі паднеслі святару свечку, стулу, плады працы людскіх рук, хлеб і віно, гостыю.
Напрыканцы Імшы малады святар асвяціў хлеб у гонар святога Антонія, як гэта прынята ў францішканскіх касцёлах. Ён таксама акрапіў святой вадой усіх вернікаў.
Пасля гэтага адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, святары і вернікі памаліліся Літаніяй да святога Антонія. Пасля літаніі прысутныя прайшлі працэсіяй вакол касцёла.
Па каталіцкай традыцыі, закончылася працэсія спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.
А далей усе прысутныя атрымалі бласлаўленне з рук маладога святара. Спачатку айцец Павел блаславіў святароў, потым сясцёр законных, а пасля ўсіх вернікаў. Бласлаўленне адбывалася пад гучанне дуды. Віталь Воранаў і Юрась Панкевіч падаравалі прысутным цудоўны святочны настрой.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
