У смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла прайшлі святыя Місіі

Святыя Місіі — тэматычныя рэкалекцыі для ўсёй парафіі, мэтай якіх з’яўляецца ўмацаванне і аднаўленне жыцця веры. Звычайна місіі доўжацца цэлы тыдзень. Па запрашэнні пробашча парафіі прыязджаюць святары-місіянеры, каб навучыць вернікаў асноўным праўдам веры і маральнасці. У парафіі адбываюцца набажэнствы, а напрыканцы місій вернікі спавядаюцца і прымаюць святую Камунію, а таксама ўрачыста асвячаецца місійны крыж, якія місіянеры ставяць перад касцёлам. Карыстаючыся гэтым часам, кожны вернік можа адкрыць сваё сэрца Богу. Звычайна місіі ў парафіі праводзяцца раз на 10 год.

З 26 сакавіка па 2 красавіка ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні і філіяльнай капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі адбыліся гэтыя духоўныя практыкаванні, якія з упэўненасцю ўмацавалі веру смаргонцаў і жыхароў Залесся. Святыя Місіі праводзілі ў Смаргоні айцы з ордэну аблатаў Беззаганнай Марыі: а. Анджэй Юхневіч OMI і а. Павел Лемех OMI, якія на штодзень нясуць душпастырскую паслугу ў дыяцэзіянальным санктуарыі Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне (Віцебская дыяцэзія).

Місіі распачаліся ўрачыстым увядзеннем місіянераў у парафію. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч парафіі, урачыста павітаў прапаведнікаў: даў касцёльны крыж для ўшанавання; перадаў кнігу Божага слова і Пасхал, які місіянеры ўрачыста ўнеслі ў святыню, як сімвал святла Хрыстовага Евангелля. Пасля пробашч надзеў на місіянераў святарскія стулы і перадаў душпастырскую ўладу ў парафіі на час Місій. Таксама святар удзяліў місіянерам благаслаўлення на плённае навяртанне і ўзмацненне ў веры парафіі.

У панядзелак вернікі разважалі над Божымі запаведзямі, над тым як яны важныя ў жыцці хрысціянаў і што яны з’яўляюцца нашай абаронай. Айцец Павел у казанні звярнуў увагу, што ўсе запаведзі з’яўляюцца важнымі і нельга нам ніводнай з іх змяняць. Пасля гаміліі, вернікі ўдзельнічалі ў набажэнстве “Сінайскага закону”: вызнавалі веру словамі дзесяці запаведзяў, прасілі Бога аб вытрымкі ў іх выкананні, а таксама клалі руку на Біблію, абяцаючы выканаць гэты Божы закон у сваім жыцці.

У аўторак парафія асабліва была атулена памяццю хворых і састарэлых. Ад самага ранку ўсе святары наведвалі хворых у іх дамах: спавядаючы, удзяляючы святую Камунію і намашчаючы алеем хворых. Падчас св. Імшаў, прапаведнікі адзначалі, што хворыя – гэта скарб парафіі, бо яны сваім цярпеннем і болем могуць выпрошваць ласкі навяртання для ўсёй парафіяльнай супольнасці.

У сераду вернікі перажывалі місійны дзень памяці аб памерлых. Падчас казанняў місіянеры раскрывалі ўдзельнікам сэнс памірання па-хрысціянскі, параўноўваючы духоўна плодную смерць вучня Хрыста з “мастацтвам” памірання. Вечарам уся парафія прайшла праз горад жалобнай працэсіяй на могілкі. Падчас шэсця, удзельнікі маліліся за памерлых святароў, родных, забітых падчас войнаў і катастрофаў, за тых чые магілы не пазначаныя крыжом і пра якіх ніхто ўжо не памятае. Да серады ўключна пасля кожнага казання біў “пакутны” звон, які меў за мэту “будзіць” тых парафіянаў, якія адкладваюць дзень свайго навяртання.

У чацвер парафія святкавала місійную ўрачыстасць Эўхарыстыі. Увесь дзень парафіяне разважалі над сутнасцю Эўхарыстычнага цуду і важнасці Яго прыняцця. Вечарам, пасля эўхарыстычнага набажэнства парафіяне тройчы абышлі сваю святыню з Найсвяцейшым Сакрамантам. У працэсіі людзі неслі харугвы, фэрэтроны, спявалі эўхарыстычныя спевы пад гук касцёльных званоў. Пасля працэсіі вернікаў чакала начная эўхарыстычная адарацыя “Ноч Нікадэма”, падчас якой вернікі праслаўлялі Божае Цела і мелі магчымасць індывідуальнага бласлаўлення манстранцыяй са святой Гостыяй.

Пятніца была днём пакаяння і ўшанавання святога крыжа. Вернікі разам з духавенствам у гэты дзень пасцілі на вадзе і хлебе як уміласціўленне за грахі, якія ўчынілі. Вечарам урачыста пад гук драўляных трашчотак быў унесены ў касцёл крыж пакаяння. Прад гэтым крыжом парафіяне па чарзе перапрашалі Бога: спачатку мужчыны, пазней жанчыны, моладзь і дзеці. Пад канец набажэнства пробашч парафіі лёг крыжом перад алтаром, перапрашаючы за грахі ўсёй парафіі. Пасля вернікі несучы вялікі крыж прайшліся вуліцамі горада, разважаючы над Мукай Езуса Хрыста падчас Крыжовага шляху.

У суботу смаргонцы святкавалі Марыйны дзень. Набажэнствы да Божай Маці, спевы і тэматычныя казанні скончыліся ўрачыстым чынам аддання парафіі Беззаганнай Панне Марыі. Чын прысвячэння здзейсніў пробашч, вакол яго падчас гэтага дзеяння стаялі члены марыйных рухаў парафіі з запаленымі свечкамі, паказваючы сваю падтрымку і малітоўную салідарнасць у інтэнцыі ўсёй парафіі.

У Пальмовую нядзелю адбылося ўрачыстае заканчэнне святых Місій. Пасля св. Імшаў вернікі збіраліся ля місійнага крыжа, пад якім вызнавалі веру продкаў і абяцалі вернасць Богу. Місіянеры на заканчэнне духоўных практыкаванняў асвяцілі місійную табліцу на крыжы і новаўсталяваныя фігуры Маці Божай Балеснай і св. Яна Евангеліста. Пасля місіянеры перадалі пробашчу святарскія стулы, як знак скончанай справы святых Місій. А вернікі індывідуальна ўшанавалі крыж місійны праз пацалунак.

Кс. Артур Ляшнеўскі SDB

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі