У Смаргоні адбылося першае спатканне групы «Пошук»

3 і 4 лістапада ў Смаргоні адбылося першае спатканне групы «Пошук» для хлопцаў і дзяўчат з 10-11 класаў і вышэй. Сустрэчу арганізавалі айцы салезіяне і сёстры салезіянкі, паведамляе SDB.by.

Спатканне праводзілася з мэтай даць моладзі магчымасць нанова адкрыць прыгажосць хрысціянскага жыцця і ўбачыць сябе па-новаму. Удзельнікі два дні разважалі над тэмай «Я – гэта дар».

Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічалі ў канферэнцыях, падчас якіх атрымалі парады па пошуку свайго паклікання, дзяліліся сваімі разважаннямі і вопытам, а таксама мелі час на асабістую малітву. Таксама для моладзі салезіянамі супрацоўнікамі была арганізавана гульня-квэст. Прымаючы ў ёй удзел, моладзь навучылася працаваць у камандзе і лепш пазнаёмілася са Смаргонню.

Напрыканцы першага дня ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць памаліцца ў цішыні падчас адарацыі.

Другі дзень сустрэчы распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Алег Каралёў SDB. Падчас гаміліі святар звярнуў увагу на тое, што трэба мець Бога як цвёрдую апору свайго жыцця і не забываць пра тых, хто знаходзіцца побач.

Напаследак былі падведзены вынікі, калі ўдзельнікі не толькі падзяліліся сваімі ўражаннямі, а таксама выказалі прапановы і пажаданні на будучыя сустрэчы.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі