У канцы жніўня Касцёл прыпамінае святую Моніку, якая з’яўляецца прыкладам для многіх жанчын-хрысціянак. Яе жыццё складана назваць простым. На працягу доўгіх гадоў святая Моніка малілася пра навяртанне свайго сына Аўгусціна, а таксама свайго мужа. Падаецца, што такая малітва пазбаўленая сэнсу: Аўгусцін вёў распуснае жыццё, а муж святой быў далёкі ад хрысціянства. Аднак жонка і мама не траціла надзеі. Яна цалкам даверылася Богу. Настойлівасць, дзіцячы давер і бязмерная любоў да бліжняга далі свае плёны. У выніку Аўгусцін не проста навярнуўся, але яшчэ стаў біскупам і багасловам. Святая Моніка сваім жыццём сцвердзіла простую ісціну: у Бога магчыма выпрасіць любыя ласкі. Дастаткова толькі верыць і спадзявацца на Пана.
Адна жанчына, якая перажыла балючы развод і мела крыўду на мужа, аднойчы вырашыла прыступіць да генеральнай споведзі, каб пазбавіцца духоўнага цяжару і ад усяго сэрца дараваць чалавеку, з якім некалькі гадоў таму ўзяла шлюб. Некалькі тыдняў яна рыхтавалася да споведзі, рабіла дэталёвы рахунак сумлення. Паспавядаўшыся, гэта асоба адчула значную палёгку. Усёй душой яна чакала моманту, калі зможа прыняць Хрыста ў сваё сэрца. Калі надышоў час Камуніі, жанчына стала на калені і пачала маліцца. Тады ў яе падсвядомасці ўзніклі словы з Евангелля: “І будуць двое адно”. У той момант жанчына звярнулася да Хрыста з такімі словамі: “Пане Езу, мой муж не ходзіць да споведзі, не прымае Святую Камунію. Сёння я ад усяго сэрца яму прабачаю, а Цябе дазволь прыняць у Святой Камуніі за дваіх – за сябе і за мужа”. У хуткім часе да верніцы падышоў святар з Найсвяцейшым Сакрамантам. Калі ён адышоў, жанчына адчула, што ён удзяліў ёй дзве Гостыі. Тады яна зразумела, што інтэнцыя была прынятая. У той момант жанчына ўзняла вочы ўгару, каб хоць неяк стрымаць слёзы. Сітуацыя стала адказам на шчырую малітву.
Зусім нядаўна ў сеціве з’явіўся відэаролік з канцэрта вядомага гурта. Падчас культурнага мерапрыемства працавала так званая камера “для пацалункаў”, галоўная задача якой – адшукаць пару закаханых і вывесці на вялікі экран. Пара, якая ўбачыць сябе на экране, павінна пацалавацца. Такая забава была прываблівай для гледачоў. У чарговы раз камера спынілася на пары ва ўзросце. Мужчына пяшчотна абдымаў сваю абранніцу. Калі закаханыя заўважылі сябе на экране, то іх рэакцыя была вельмі неадназначнай: мужчына прысеў і пачаў хавацца, а жанчына закрыла твар рукамі. Такія паводзіны прыцягнулі ўвагу людзей. Аказалася, што ў аб’ектыў камеры трапілі не муж і жонка, а калегі, якія мелі патаемныя адносіны. У кожнага была свая сям’я. За некалькі дзён ролік абляцеў увесь свет. Карыстальнікі інтэрнэту пакідалі неадназначныя каментары да відэа. Гэта мела і свае наступствы: мужчына быў звольнены з працы, а яго жонка адразу ж пасля скандалу падала на развод. Адна сітуацыя пазбавіла ўсяго: добрага імені, працы, сям’і. Зразумела, што ўсё патаемнае рана ці позна становіцца яўным. І часам тая праўда, якая выходзіць на паверхню, раніць іншага чалавека, нішчыць добрыя стасункі, у корані змяняе адносіны да іншай асобы.
Адна “інтрыжка” нясе сур’ёзныя наступствы. Як калісьці Адам і Ева, парушыўшы загад, хаваліся ад Бога, так хаваюцца асобы, якія здраджваюць маральным прынцыпам. Сэрцы гэтых асобаў перапоўненыя страхам, што калісьці сітуацыя выйдзе на паверхню. Гэта прымушае добра “маскіравацца”: хаваць мабільны тэлефон, падманваць, шукаць тлумачэнні сваёй адсутнасці. Чалавеку, які сутыкнуўся з такой сітуацыяй, варта з дзіцячым даверам звярнуцца да святой Монікі і падзяліцца з ёй сваёй праблемай.
Малітва праз заступніцтва святой Монікі
Божа, Суцяшальнік засмучаных, тых, хто на выратаванне Тваё спадзяецца. Ты слёзы бласлаўлёнай маці і ўдавы Монікі міласэрна прыняў і даў ласку навяртання яе сыну. Малітвамі гэтай святой маці дай дзецям (мужу, бацькам, сябрам) шчыры жаль за грахі і звярні іх на шлях выратавання, каб, аплакаўшы свае правіны, у міласэрнасці Тваёй прабачэнне атрымалі. Амэн!
Марта Венславовіч
