У Шаркаўшчыне прайшла біскупская візітацыя (+відэа)

Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч наведаў пасёлак у нядзелю, 12 лютага.

Па традыцыі, іерарха сустрэлі перад уваходам у храм. Святая Імша распачалася а палове на адзінаццатую. Трэба адзначыць, што святыня была цалкам запоўнена вернікамі. З шаркаўшчынскіх асаблівасцяў можна падкрэсліць, што ў храме было шмат мужчын і маладых людзей.

У прывітальным слове пробашч касцёла ксёндз Кшыштаф Сілкоўскі адзначыў, што ў мінулым годзе парафія перажыла двайную радасць – споўнілася дваццаць гадоў ад будаўніцтва новага касцёла і якраз у мінулым годзе ўдалося адшукаць дванаццатую стацыю Крыжовага шляху са страчанага касцёла.

Пробашч адзначыў, што за гэтыя гады з парафіі ў Шаркаўшчыне выйшлі 3 святары, адзін айцец-сэрцанін, законная сястра і зараз у семінарыі навучаецца адзін клерык.

У прывітальным слове біскуп адзначыў поспехі парафіі і заклікаў не спыняцца на дасягнутым, бо ў наш час застаецца вельмі актуальнай праблема пакліканняў. Іерарх адзначыў, што яму прыемна прыязджаць у Шаркаўшчыну, бо ён лічыць сябе іх земляком, паколькі паходзіць з суседняй браслаўскай парафіі.

У сваім слове да вернікаў біскуп звярнуў увагу на урывак з Евангелля, які чытаўся ў гэты дзень. А гэта была частка Нагорнай пропаведзі Езуса Хрыста. Прайшло ўжо больш за два тысячагоддзі, як яна была прамоўлена, але тыя праблемы, якія ў ёй узнімаюцца, актуальныя і сёння.

Гэта такія пытанні, як забіць – не забіць, чужаложыць ці не. Прычым, адзначыў іерарх, забіць чалавека можна не толькі фізічна, але і словам. “Язык, — адзначыў біскуп Алег, — адзін з самых малых членаў цела, але яго значэнне вельмі важнае”.

Таксама ён закрануў праблему сямейных адносін, адзначыўшы, што сям’я – гэта таксама пакліканне, як і пакліканне да святарскага ці манаскага жыцця. І трэба адносіцца да гэтага паклікання з усёй сур’ёзнасцю. З гэтай нагоды біскуп адзначыў вялікую ролю жанчыны, на якой ляжыць адказнасць за сям’ю.

Пасля вызнання веры адбылася працэсія з дарамі. Іерарху паднеслі свечку, як сімвал Божага святла, кветкі, як знак прыгажосці Божага тварэння, малітоўнік і ружанец, а таксама хлеб і віно.

Напрыканцы Імшы адбылася прысяга новай супольнасці маргарытак. Маргарыткі- гэта супольнасць вернікаў, якія даюць слова да канца свайго жыцця маліцца ў інтэнцыі таго ці іншага святара. На гэты раз утварылася малітоўнае кола, якое паабяцала маліцца ў інтэнцыі біскупа Алега. У гэтае кола ўвайшлі сем верніц, якія прынеслі сваю прысягу перад алтаром.

Іерарх адзначыў, што ні ў адной парафіі не бачыў такога букета маргарытак, бо ў шаркаўшчынскай парафіі гэта была ўжо дванаццатая маргарытка.

Пасля Імшы моладзь парафіі паказала невялікую канцэртную праграму, пасля якой біскуп сустрэўся з дзецьмі ў катэхетычным класе. Пасля абеду кіраўнік дыяцэзіі  наведаў закрытую ўстанову ў Александрове, дзе знаходзяцца псіхічна хворыя людзі. Адметна тое, што частка будынкаў гэтай установы пабудавана з бярвення ад старога драўлянага касцёла.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі