„Адказваючы на просьбу Марыі…” У Санктуарыі Маці Божай Фацімскай, якім апякуюцца Місіянеры Аблаты Беззаганнай Марыі, у Шуміліна (Віцебская дыяцэзія) у суботу 13 мая адбылася адпустовая ўрачыстасць.
13 мая 1917 года ў Партугаліі ў маленькай вёсцы Фаціма Маці Божая звярнулася да маленькіх пастушкоў: “Я прыйшла вас прасіць, каб вы сюды прыходзілі праз шэсць чарговых месяцаў, у 13 дзень, у тую ж гадзіну. Пасля скажу, хто Я і чаго хачу. Штодзённа маліцеся Ружанцам, каб выпрасіць супакой для свету і канец вайны.”
Сёння надалей актуальна гучаць словы Маці Божай. Хоць мінае 106-тая гадавіна з тога моманту, калі Марыя сказала гэтыя словы да дзяцей у Фаціме, Яе заклік не страціў сваёй моцы і ў нашыя дні. Прымаючы Яе запрашэнне ў суботу 13 мая шматлікія пілігрымы і парафіяне прыйшлі (а некаторыя прыехалі на роварах) ў Фацімскі Санктуарый у Шуміліна, каб разам з Марыяй прасіць Бога аб змілаванні над усім светам, аб спыненні ўсіх войнаў і канфліктаў на свеце, асабліва ў суседняй Украіне. Звяртаючыся да Марыі верныя заносілі да Бога свае малітвы за нашую Беларусь, аб вырашэнні грамадзка-палітычных праблем. Звярталіся да Маці Божай, вызнаючы веру ў тое, што з Ёю і праз Яе пазнаем Міласэрнае аблічча Бога Айца.
Сярод пілігрымаў, якія прыбылі ў Шуміліна з розных мясцін нашай дыяцэзіі і Бацькаўшчыны быў прысутны і ўзначаліў адпустовую Святую Імшу Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз біскуп Алег Буткевіч. Біскуп Алег верны і пастаянны пілігрым да Маці Божай Фацімскай у Шуміліна. У гэты дзень 13 мая прыпадае 23 гадавіна святарскіх пасвячэнняў Яго Эксцэленцыі. 23 год таму Фацімская Божая Маці першы раз урачыста ўвайшла ў межы гэтага горада і гэтае месца сталася Яе домам. У гэты дзень біскуп Алег першы раз, як нэапрэзбітар, адправіў тут Святую Імшу разам з біскупам Уладзіславам Бліном і іншымі новавысвенчанымі святарамі. Пілігрымы, якія прыйшлі да Марыі, з радасцю прасілі Бога благаслаўлення для далейшага плённага служэння для свайго пастыра.
Дзень фацімскі ў санктуарыі распачаўся а 15 гадзіне Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Пасля верныя спаўняючы просьбу Марыі маліліся на Ружанцы, а перад Святой Імшой пад час Маёвага Набажэнства прыгожа заспявалі Ларэтанскую літанію.
Пасля Урачыстай Святой Імшы адбылася ружанцовая працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай. Бог благаславіў нас добрым надвор’ем, пілігрымы з радасцю выйшлі на вуліцу, каб заносіць свае малітвы да Бога і сведчыць пра сваю любоў да Маці Божай.
На заканчэнне адбылася супольная “Агапа” якую падрыхтавалі парафіяне. Гэта быў цудоўны час будавання супольнасці, перажывання радасці і хрысціянскай любові.