Урачыстасць узначаліў біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На ўрачыстасць прыехалі пілігрымы з розных куткоў Беларусі: Браслава, Наваполацка, Полацка, Віцебска, Гарадка, Магілёва, Аболі, Мішкавічаў. Таксама прысутнічалі грэка-каталіцкія вернікі са сваімі святарамі.
Перажыванне 105-й гадавіны заканчэння аб’яўленняў распачалося выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту а 15 гадзіне, падчас якога маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці аб навяртанні ўсіх вінаватых у вайне ва Украіне і прасілі Бога аб усталяванні супакою.
Пасля была магчымасць пабыць сам на сам з Богам у цішыні. Напрыканцы адарацыі вернікі маліліся на ружанцы.
Падчас малітвы касцёл паступова напаўняўся вернікамі і пілігрымамі. Для ахвотных была магчымасць святой споведзі.
Увечары адбылася супольная малітва Ларэтанскай Літаніяй у інтэнцыях, давераных малітве Касцёла Папам Францішкам, пасля чаго пачалася св. Імша.
Пасля Эўхарыстыі распачалася працэсія вакол святыні. У сімвалічнай цемры вернікі і пілігрымы ішлі з запаленымі свечкамі і фігурай Маці Божай Фацімскай, узняўшы рукі ў медытатыўнай малітве аб супакоі, пакаянні, навяртанні і прабачэнні. Завяршылася шэсце спевам “Магутны Божа …”.
Штогод з 13 мая па 13 кастрычніка касцёл у Шуміліна з’яўляецца месцам малітвы для шматлікіх пілігрымаў і турыстаў.
Па матэрыялах oblaci.pl
пераклад Лаліты Арлоўскай
