«Peter Is Here: AI for Cultural Heritage (Пётр тут: штучны інтэлект для культурнай спадчыны) — так называецца новы праект з дыдактычнымі і адукацыйнымі мэтамі, распрацаваны кампаніяй Microsoft Minecraft у супрацоўніцтве фабрыкай Святога Пятра, аддзелам Рымскай курыі, які адказвае за абслугоўванне базылікі Святога Пятра.
Гэта інтэрактыўная відэагульня, якая спалучае ў сабе гісторыю і штучны інтэлект, што дазваляе даследаваць Ватыканскую базыліку, паведамляе Vatican News. Сцэнарыі гульні прапануюць адноўлены ў лічбавай форме свет, у якім зліваюцца прыгажосць і духоўнасць.
Ініцыятыва была прадстаўленая ў штаб-кватэры міжнароднай асацыяцыі прэсы ў Рыме. Студэнты езуіцкай школы «Istituto Massimo» паказалі ўдзельнікам, як гуляць у відэагульню «Peter Is Here», даступную для ўсіх ліцэнзійных карыстальнікаў у каталогу лекцый праекта Minecraft Education.
Наблізіць базыліку
На прэзентацыі выступіў кардынал Маўра Гамбэці, протапрэзбітэр Ватыканскай базылікі, які акрэсліў мэту праекта наступным чынам: «Зрабіць базыліку святога Пятра бліжэй да людзей праз штучны інтэлект, а таксама спрыяць духоўнаму вопыту». Кардынал нагадаў, што Папа Францішак у сваім лісце да рэдактара газеты Corriere della Sera падкрэсліў, наколькі неабходна «раззброіць словы». Замест гэтага неабходна «ўзброіць сэрцы прагай прыгажосці і братэрства». Менавіта з такім намерам, па словах кардынала, нарадзілася відэагульня «Пётр тут».
Праект быў прэзентаваны напярэдадні ўрачыстасці святога Юзафа. “Мы хацелі б даверыць гэтую адукацыйную ініцыятыву апецы мужа Марыі, педагога par excellence”, — сказаў кардынал Гамбэці, дадаўшы, што разам з Microsoft і Minecraft яны мелі на ўвазе дзяцей і падлеткаў, каб прапанаваць ім магчымасць пазнаёміцца з базылікай св. Пятра. Відэагульня, па словах іерарха, была рэалізавана «дзякуючы праверанай сінэргіі паміж гуманізмам і тэхналогіямі».
Будаваць і перамагаць у духу братэрства
На думку кардынала, відэагульня мае перш за ўсё педагагічную каштоўнасць: яна прапануе дзецям «інструмент для навучання падчас забаў і для таго, каб атрымліваць задавальненне падчас навучання». «Тыя, хто гуляюць у гэтую відэагульню, — сказаў протапрэсвітар ватыканскай базылікі, — атрымаюць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў крэатыўным архітэктурным дызайне, адкрыць для сябе гісторыю базылікі, аднавіць яе і пранікнуць у схаваныя сэнсы, якія яна захоўвае. А таксама атрымаць вопыт сумеснага будаўніцтва і перамог у духу братэрства».
У інтэрв’ю Vatican News кардынал Гамбэці адзначыў, што «гэта відэагульня была задумана як мост паміж тым, што з’яўляецца чалавечым, і тым, што дае тэхналогія». Звяртаючыся да бацькоў, якія справядліва хвалююцца, калі бачаць, што іх дзеці праводзяць занадта шмат часу за відэагульнямі, — іерарх сказаў, што ў гэтым выпадку яны могуць быць спакойныя: у рэшце рэшт, «гэта гульня не зацягвае іх у віртуальны свет, але пакідае менавіта іх галоўнымі дзеючымі асобамі».
Паводле Vatican News
пераклад Марыны Ткач
