11 красавіка ў Празе сабраліся тысячы людзей на «Марш за жыццё». Дэманстрацыя, ініцыяваная арганізацыяй «Hnuti Pro život CR» (Рух за жыццё), была прысвечана падтрымцы цяжарных жанчын. Марш традыцыйна пачаўся са святой Імшы ў кафедральным саборы Святога Віта, Вацлава і Адальберта ў Пражскім замку.
Нягледзячы на некалькі інцыдэнтаў, марш прайшоў у асноўным без здарэнняў і значна больш мірна, чым у мінулым годзе, калі вялікая колькасць паліцыі спыніла Марш за жыццё з-за блакавання яго руху. Святая Імша за цяжарных жанчын, іх сем’і і ненароджаных дзяцей была арганізавана Пражскай архідыяцэзіяй у супрацоўніцтве з капітулам Святога Віта. Галоўным цэлебрантам быў арцыбіскуп-эмерыт Ян Граўбнер, які благаславіў прысутных.
Радзім Учац, кіраўнік руху «За жыццё», растлумачыў, што мэтай быў не ідэалагічная спрэчка аб правах, а хутчэй неабходнасць «падкрэсліць неабходнасць канкрэтнай дапамогі». Марш быў сканцэнтраваны на абароне ненароджанага жыцця, а таксама на сацыяльных і эканамічных патрабаваннях.
Паводле слоў арганізатараў, тысячы жанчын з крызіснай цяжарнасцю ў Чэхіі штогод не маюць належнай падтрымкі. Шматлікія аборты з’яўляюцца не столькі пытаннем свабоднага выбару, колькі вынікам эканамічных цяжкасцей і адсутнасці сацыяльнай падтрымкі. У прыватнасці, эканамічная нестабільнасць стала ўсё больш важным фактарам у апошнія гады.
Адпаведна, былі вылучаны патрабаванні рэформаў у сферах жылля, падаткаў і сацыяльнага забеспячэння, каб прадухіліць сацыяльны заняпад, звязаны з цяжарнасцю. Учац таксама падкрэсліў практычны бок Маршу за жыццё, які прапануе канкрэтную падтрымку праз гарачую лінію для цяжарных жанчын.
З 2006 года больш за 7 тысяч жанчын атрымалі дапамогу. Дэманстрацыя адбылася на фоне зніжэння нараджальнасці. Паводле афіцыйных звестак, у 2025 годзе ў Чэхіі нарадзілася каля 77 600 дзяцей, а колькасць абортаў складала каля 15 тысяч. Арганізатары ўспрымаюць гэта як трывожны сігнал і заклікаюць да больш рашучых палітычных дзеянняў у падтрымку сем’яў.
Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
