У Празарокі на парафіяльны фэст завіталі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай

2 жніўня, калі ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін Маці Божай Анельскай, у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Празароках (Глыбоцкі дэканат) прыбылі копіі славутых ласкамі абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.

У чэрвені 2021 года адбылася аўтамабільная пілігрымка з гэтымі абразамі ўздоўж межаў Беларусі, якая пераадолела больш за 2500 км. Яна была арганізавана па ініцыятыве пробашча мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка. Падчас пілігрымкі ўдзельнікі здзяйснялі пост і малітву за нашу краіну, за з’яднанне беларускага народа, хутчэйшае аднаўленне санктуарыя ў Будславе пасля пажару, за ўсіх жыхароў краіны і ўмацаванне ў веры для ўсіх грамадзян.

Пасля пілігрымкі ўздоўж межаў краіны, копіі абразоў вось ужо другі год пілігрымуюць па парафіях Беларусі. Празарокі сталі 38-м прыпынкам у гэтым вялікім падарожжы.

Сустрэць абразы жыхары і госці парафіі разам са сваім пробашчам кс. Дзмітрыем Рацько сабраліся на пачатку вёскі, каб потым урачыста прайсці працэсіяй да касцёла.

Пасля прывітання і перад пачаткам св. Імшы быў час, каб кожны асабіста мог аддаць пашану Маці Нябеснай і данесці Ёй свае просьбы і падзякі. Ушанаваць вобразы Маці Божай ў касцёл прыйшлі не толькі католікі, але былі браты і сёстры праваслаўныя. Кс. Дзмітрый адзначыў, што Празарокі – першая парафія ў Віцебскай дыяцэзіі пасля Санктуарыя ў Браславе, у якую завіталі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай.

Святую Імшу цэлебраваў а. Станіслаў Станеўскі CSsR, які з’яўляецца духоўным кіраўніком гэтай пілігрымкі, разам са святарамі, якія прыбылі з суседніх парафій. Звяртаючыся да прысутных, святар распавёў пра важнасць у нашым жыцці заступніцтва Нябеснай Маці перад сваім Сынам і прыгадаў, што “Марыя – найлепшая Маці, Якая клапоціцца пра сваіх дзяцей. Гэта Матуля, Якая хоча кожнага з нас прытуліць, выслухаць і дапамагчы.”

Далей копіі абразоў накіраваліся ў парафію св. Мікалая ў Свір.

Як адзначыў а. Станеўскі, перэгрынацыя копій найбольш вядомых марыйных абразоў з беларускіх санктуарыяў па парафіях Віцебскай дыяцэзіі распачнецца з ліпеня 2023 года.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі