2 снежня на 75-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Чэслаў Адамовіч.
3 снежня адбылася пахавальная святая Імша ў касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На пахавальную цырымонію таксама прыбылі біскуп Юрый Касабуцкі, кс. Дзмітрый Пухальскі, святары з суседніх парафій.
Арцыбіскуп Тадэвуш распавёў, што шлях да святарства спачылага кс. Чэслава быў няпросты. Святарскую фармацыю ён атрымаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу.
У 2000-м годзе прыняў святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Кс. Чэслаў нёс святарскае служэнне ў каталіцкіх парафіях Калінінградскай вобласці Расіі.
Акрамя беларускай, рускай і польскай мовы валодаў літоўскай. У 2008-м годзе святар прыехаў у Мінск, дзе да 2013 года быў душпастырам мясцовай літоўскай супольнасці.
Іерарх зазначыў, што яму даводзіцца быць на пахаванні ўжо другога святара, якому ўдзяляў сакрамант святарскага пасвячэння, што развітанне з блізкімі заўсёды балючае, але неабходна глядзець на смерць праз прызму Хрыстовага ўваскрасення.
Таксама арцыбіскуп Тадэвуш выказаў занепакоенасць, што ў семінарыі ў Гродне вучыцца менш семінарыстаў, чым было прынята на першы курс у 1990 годзе, калі яна пачала сваю дзейнасць, і заклікаў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Пахаваны кс. Чэслаў Адамовіч на вясковых могілках ля вёскі Лісавічы побач з магіламі бацькоў і брата.
Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота
