2 лютага ў катэдры Перамянення Пана ў Новасібірску адбылося біскупскае пасвячэнне а. Штэфана Ліпке SJ, паведамляе сайт jezuity.by.
Урачыстасць, у якой прынялі ўдзел біскупы з Расіі, Казахстана і Турцыі, узначаліў ардынарый дыяцэзіі Перамянення Пана біскуп Іосіф Верт SJ. На цырымоніі прысутнічалі дэлегацыя з Польшчы на чале з айцом-правінцыялам Збігневам Ленчкоўскім SJ, а таксама езуіты, якія працуюць у Віцебску, Бішкеку, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Томску і Новасібірску, прадстаўнікі пасольства Германіі. З радзімы прыехалі родныя а. Штэфана: ягоныя бацькі і цётка.
У літургіі, якая доўжылася больш за тры гадзіны, прынялі ўдзел прадстаўнікі і мясцовай адміністрацыі. Катэдра была запоўнена цалкам католікамі трох абрадаў (лацінскага, візантыйскага і армянскага) з розных гарадоў і розных супольнасцяў, а таксама хрысціянамі іншых канфесій.
