У Нідэрландах адбылася нядзеля «адкрытых манастыроў»

Ініцыятыва мясцовай Канферэнцыі манаскіх ордэнаў накіравана на тое, каб распавесці наведвальнікам пра асаблівасці кансэкраванага жыцця ў сучаснасці, падкрэсліваючы, што гэта сучасны выбар.

«Адкрытыя манастыры» — такую назву мае ініцыятыва, якая ў нядзелю, 9 чэрвеня 2024 г., ужо адзінаццаты раз была праведзена ў Нідэрландах. У рамках яе правядзення трыццаць мужчынскіх і жаночых манастыроў адчынілі свае дзверы для жадаючых. Мерапрыемства праходзіла пад лозунгам: «Якая твая гісторыя?».

«Праз гэтую ініцыятыву кансэкраваныя асобы імкнуцца паказаць, што манаскі вопыт з’яўляецца сучасным жыццёвым выбарам», — падкрэсліваецца ў паведамленні Канферэнцыі манаскіх ордэнаў Нідэрландаў.

Падчас наведвання айцы, браты і сёстры законныя распавядалі свае гісторыі: хто яны, чым займаюцца, чаму выбралі такое жыццё, а таксама з задавальненнем слухалі гісторыі гасцей. Кожны кляштар, які далучыўся да ініцыятывы, падрыхтаваў праграму, якая прадугледжвала выставы і экскурсій, размовы з кансэкраванымі асобамі і магчымасць памаліцца або далучыцца да кляштарнага набажэнства. Але ў цэнтры ўвагі, перадусім, была сустрэча з манахамі і манахінямі і іх духоўнасцю, а не будынак, у якім яны жывуць.

Некаторыя манаскія супольнасці прапанавалі магчымасць застацца на больш доўгі час у сваіх гасцявых памяшканнях. Адным з кляштараў, які далучыўся да ініцыятывы, стаў кляштар святой Кацярыны ў Остэрхаўце на поўдні краіны, які належыць да кангрэгацыі сясцёр нарбертынак.

«Гэтай ініцыятывай мы хочам даць зразумець, што манаскае жыццё ў манастырах ні ў якім разе не звязана толькі з мінулым, але можа адпавядаць сучаснасці», — падкрэсліваюць сёстры, запрашаючы наведвальнікаў паглядзець пясчаныя скульптуры на тэму супакою, зроблены мастакамі на кляштарным падворку і запрашаючы на ​​пасляабедзенную малітву.

Паводле Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку