З 15 па 17 лістапада ў парафіі Cв. Міхала Арханёла прайшла музычная майстэрня касцёльнага спеву для дарослых. Рэпетыцыі праводзілі лаўрэаты Міжнародных конкурсаў, выкладчыкі філармоніі Аляксандр Музыкантаў, Вольга Перагуд а таксама арганіст навагрудскага касцёла Андрэй Міхневіч.
Падчас рэпетыцый, музычныя спецыялісты перш за ўсё засяродзіліся на пастаноўцы голасу ўдзелькаў майстэрні, сярод якіх у сваёй большасці былі харысты касцёльнага хору. Пасля пастаноўкі голасу, асноўным напрамкам навучання быў грэгарыянскі харал, традыцыйны касцёльны спеў на працягу многіх стагоддзяў. Дзякуючы грунтоўнай і напружанай працы, удзельнікі засвоілі чатыры лацінскія грэгарыянскія песні.
Кульмінацыяй майстэрні было аздабленне спевам нядзельнай святой Імшы. Харысты парафіі Св. Міхала Арханёла выразілі вялікую зацікаўленасць у прадаўжэнні такога роду музычных мерапрыемстваў, каб грунтоўней пазнаваць багатую традыцыю спеву Паўсюднага Касцёла.
кс. Юрый Жэгарын
