Тэму гэтага моўнага артыкула падказала нам чытачка “Каталіцкага весніка” спадарыня Алена з Полацка. Сярод шэрагу чыста лінгвістычных пытанняў, якія яна адрасавала аўтару нашай моўнай рубрыкі, было, у прыватнасці, і такое: “Ці мэтазгодна выкарыстоўваць у беларускай мове слова малыш? Мая дачка працуе ў садочку, і я пастаянна чую ад яе выказванні накшталт яна выхоўвае дваіх малышоў; малыш патрабуе шмат увагі; разам са старэйшымі дзецьмі гуляюць і малышы і іншыя падобныя. Мы імкнёмся з ёй гаварыць па-беларуску, прычым стараемся рабіць гэта правільна. Таму часам нават спрачаемся, як у гэтым выпадку, са словам малыш. Мне такі назоўнік, прызнаюся шчыра, неяк рэжа слых. Вось і ўзнікла пытанне: ці так павінна быць па-беларуску? І яшчэ: як найлепш перадаць па-беларуску назву папулярнай здаўна тэлеперадачы “Спокойной ночи, малыши”?”
Сапраўды, спадарыня Алена закранула і цікавую, і адначасова актульную праблему. Бо згаданы назоўнік досыць часта фіксуецца і ў вусным маўленні, і ў пісьмовых тэкстах, нават заўважаем яго на старонках нашых газет. Асаблівую прыхільнасць да слова малыш мае “Веснік Глыбоччыны”, дзе гэтая лексема адзначаецца намі з зайздроснай рэгулярнасцю. Напрыклад: Якраз 13 лістапада нарадзіліся адразу чатыры малышы… Ёсць і трыа малышоў, народжаных у адзін дзень… (13.01.18); Святочныя малышы (03.02.18); 21 малыша зарэгістравалі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама… Дзве сям’і па сваім жаданні зарэгістравалі малышоў ва ўрачыстай абстаноўцы (11.08.18).
Назоўнік малыш як нібыта беларускае слова сталі падаваць слоўнікі ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя. Тады ўжо пачаўся працэс русіфікацыі беларускай лексікі, калі шмат неўласцівых нашай мове слоў імкнуліся ёй навязаць. Тут варта згадаць, што “Падручны расейска-беларускі слоўнік” Вацлава Ластоўскага (1924 г.), у якім змешчаная асноўная ўжывальная на той час беларуская лексіка, не фіксуе названай вышэй лексемы, а прапануе натуральныя беларускія назоўнікі малы, малюк, малец, малюся (с. 315). Яно і зразумела, бо ўтварэнні з суфіксам –ыш не адпавядаюць беларускай словаўтваральнай мадэлі. Параўнаем: поскрёбыш – паскробак, зародыш – зародак, заморыш – заморак і г.д. Нават “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ), выдадзены ў 1979 годзе, фіксуе назоўнік малыш з паметай “размоўнае”. І гэта цалкам лагічна. Прыгадаем таксама, што нярэдка пакуль яшчэ можам і пачуць, і прачытаць форму жаночага роду – малышка. Напрыклад: А вось малышка з’явілася на свет ужо пад знакам Вадалея, 26 студзеня (“Веснік Глыбоччыны”, 03.02.18). Людзі старэйшага пакалення могуць прыгадаць, як гадоў трыццаць-сорак назад гэта была вельмі папулярная ў нашых вёсках мянушка для кароў) Зразумела, што ўжываць згаданы назоўнік для абазначэння маленькай дзяўчынкі не зусім дарэчна.
Асноўным варыянтам для называння малога дзіцяці з’яўляецца ў нашай мове непасрэдна субстантываваны назоўнік малы (у жаночым родзе – малая, у множным ліку – малыя). Мы адзначаем гэта і ў мастацкіх тэкстах, і ў штодзённай сучаснай практыцы: Марта з двума малымі жыла на выгане ў старой хатцы (Змітрок Бядуля); Кастусь выязджаў ужо з двара, калі выбег з агарода Юзік і з плачам кінуўся наўздагон. Давялося ўзяць малога на воз (Сцяпан Александровіч).
Як зборны назоўнік можа выкарыстоўвацца слова малеча: Малеча і старыя з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі (Іван Мележ); У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай (Лідзія Арабей).
Як бачым, наша мова можа цудоўна абыходзіцца без ненатуральных для яе назоўнікаў і формаў малыш, малышка, малышы. Таму правільна па-беларуску будзе, напрыклад, У маладой сям’і нарадзіўся малы; Яна выхоўвае дваіх малых; Малая патрабуе шмат увагі; Разам са старэйшымі дзецьмі гуляюць і малыя.
Што ж датычыць назвы папулярнай яшчэ з савецкіх часоў тэлеперадачы для дзяцей, то па-беларуску найлепш яна гучыць як “Дабранач, хлопчыкі і дзяўчынкі”. Тут адчуваецца канкрэтны, поўны пяшчоты і любові зварот да хлопчыкаў і дзяўчынак, адлюстроўваецца пажаданне добрага, спакойнага, бесклапотнага сну. Як і павінна быць у беларусаў.
Мы шчыра дзякуем нашай чытачцы спадарыні Алене за ўзнятае пытанне! Спадзяёмся, наш матэрыял дапаможа прыхільнікам сакавітага беларускага слова і надалей падтрымліваць яго высокі ўзровень.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
