У лепельскім касцёле Святога Казіміра асвяцілі матацыклы і шлемы (+відэа)

Мерапрыемства прайшло ў суботу 8 верасня і было прымеркаванае да Дня горада Лепеля, які адзначаецца ў пачатку верасня.

Байкеры збіраюцца ў Лепелі ўжо ў пяты раз. На гэты раз іх сабралася больш за паўсотні чалавек. Уласна з іх праезду па плошчы і пачынаецца свята гораду. Гэта мерапрыемства арганізоўваюць гарадскія ўлады, а вось галоўны арганізатар байкерскага свята  – жыхар Лепеля Валерый Асоўскі:

– Я паклікаў хлопцаў падтрымаць наш Дзень горада, падтрымаць ксяндза Уладзіміра, гэта ў нас ужо традыцыя, гэта наш пяты збор і асвячэнне матацыклаў, шлемаў.

Лепелю пашанцавала і ў тым што цяперашні пробашч ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі, як і яго папярэднік ксёндз Андрэй Аніскевіч, з’яўляецца вялікім прыхільнікам байкерскага руху. А ў гэты дзень байкеры мелі магчымасць наведаць святыню.

«Галоўная думка гэтага мерапрыемства – гэта тое, што хоць раз хочацца прывесці людзей да касцёла, да Пана Бога, да царквы, каб яны толькі хадзілі. З гэтых людзей, што тут ёсць, зусім малы працэнт быў у касцёле або царкве. Таму гэта такі вялікі крок, каб яны наведалі святыню, прыйшлі да Бога і хаця б тут памаліліся за сваіх родных, за сваіх блізкіх», – адзначыў ксёндз Уладзімір.

Свята распачалося з праезду байкераў па галоўнай плошчы Лепеля. Матацыклы зрабілі па ёй тры кругі, што даставіла вялікую радасць для ўсіх гледачоў. Шмат хто здымаў гэта на свае мабільныя тэлефоны. Святкаванню спрыяла і надвор’е, якое ў гэты вераснёўскі дзень выдалася проста цудоўным.

«Для мяне матацыкл у першую чаргу гэта свабода перамяшчэння, гэта магчымасць рухацца так, як падказвае тваё сэрца», – падзяліўся ўражаннямі Марк Баранчукоў.

З ім згодны і яго калега Сяргей Лычкоўскі:

– Чалавек увесь час да нечага павінен імкнуцца, нешта пазнаваць. Не павінна ўсё стаяць на адным месцы. Жыццё становіцца сумным, калі чалавек усяго дабіваецца. Трэба ўвесь час да нечага імкнуцца.

«Я ў асноўным езджу адзін. У мяне тады думкі, якія дапамагаюць у працы… Я так адпачываю. Атрымліваю адрэналін, бо гэта таксама вялікая справа. Бо яго ў нас час мала, а хочацца ўсё больш і больш. Спадзяюся ў наступным годзе я рашуся на прыжок з парашутам», – адзначыў Валерый Асоўскі.

Пасля праезду па плошчы байкеры накіраваліся ў касцёл, дзе яны палажылі да алтара свае шлемы. На самым пачатку малітвы ксёндз Уладзімір іх асвяціў, пасля было прачытанае Божае Слова. Далей святар звярнуўся з кароткім казаннем да ўдзельнікаў мерапрыемства. Ён заклікаў іх берагчы сваё жыццё, ездзіць асцярожна, пажартаваўшы, што ў адваротным выпадку анёл-ахоўнік не паспее за байкерам:

– Заўсёды, каб анёл-ахоўнік дагнаў матацыкліста, трэба цішэй ехаць. Вядома, анёлы хутка лётаюць за намі, але не трэба выпрабоўваць ні Бога, ні анёлаў. Тады анёл сапраўды дагоніць і будзе разам апекавацца кіроўцам, які едзе на матацыкле.

Перад касцёлам ксёндз асвяціў матацыклы, пасля чаго ўсе ўдзельнікі зрабілі агульнае фота перад уваходам у храм. Святар таксама адзначыў, што для яго, як і для астатніх байкераў, матацыкл у першую чаргу гэта сімвал свабоды:

– Кожны чалавек хоча быць свабодным. І больш за тое, ён часам забывае, што ён ходзіць пад Богам і зусім не свабодны. Але чалавек хоча пабыць адзін, хоча ехаць адзін, і для яго гэта свабода, калі ён сеў і едзе, нават калі не ведае, куды. І пры гэтым моліцца таксама.

І хаця шмат хто з удзельнікаў гэтай імпрэзы не з’яўляюцца веруючымі, яны станоўча аднесліся да гэтай магчымасці сабрацца разам, каб зрабіць свята не толькі сабе, але і астатнім гараджанам.

«Я не з’яўляюся веруючым, таму для мяне гэта па вялікаму рахунку толькі як частка мерапрыемства, гэта не нясе для мяне нейкай сэнсавай нагрузкі. Але шмат хто з вернікаў ацэніць гэта як належыць», – адзначыў Марк Баранчукоў.

Арганізатар мерапрыемства Валерый Асоўскі распавёў, як сам прыйшоў да веры пасля дарожна-транспартнага здарэння:

– У 2016 годзе я трапіў у вельмі сур’ёзнае ДТЗ. Ледзь выжыў. Ксёндз Андрэй, які раней тут працаваў, вельмі мяне падтрымаў у той момант. Ён прыйшоў пасля аперацыі, сказаў, што ты будзеш жыць. І я тады падзякаваў Богу, што Ён мяне выратаваў.

Мы спыталі ў спадара Валерыя, ці не было жадання пасля аварыі супакоіцца і пакінуць сваё захапленне. Ён адказаў, што спачатку было:

– Недзе каля трох тыдняў. Я бацькоў супакойваў, мама казала, не сядай на яго больш. І я казаў, што не сяду.

Але любоў да байка ўсё ж перамагла, і Валерый зноў сеў на матацыкл. Тым больш, што бацькі самі ў свой час падаравалі мне “Яву” на шаснаццацігоддзе. Трэба сказаць, што бацькі з разуменнем паставіліся да выбару сына. Адзінае, папрасілі цішэй ездзіць.

Жонка Вольга таксама падтрымлівае мужа. Яна кажа, што язда на матацыкле дадае адрэналіну і ёй таксама. А яшчэ дзякуючы захапленню мужа ў іх з’явілася шмат новых сяброў:

– Дзякуючы гэтаму руху ў нас з’явілася шмат сяброў, у нашым асяроддзі з’явіліся вельмі добрыя людзі, якія заўсёды могуць прыйсці на дапамогу.

Напрыканцы мерапрыемства байкеры сустрэліся ў парафіяльным цэнтры за кубачкам кавы. Такія сустрэчы, на думку ўдзельнікаў, спрыяюць іх сяброўству і даюць магчымасць абмяняцца сваімі ўражаннямі і вопытам.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі