У катэхетычным каледжы ў Баранавічах вывучаюць мову жэстаў для душпастырсва глухіх

У маі ў катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах праходзіў базавы курс РЖЯ — рускай жэставай мовы.

У гэтым навучальным годзе магчымасць запісацца і прайсці інтэнсіўнае вывучэнне мовы жэстаў была дадзена выключна навучэнцам каледжу, будучым сямейным кансультантам і катэхетам. З мэтаю лепшага засваення тэарэтычных і практычных навыкаў курс прайшоў у два этапы, пасля чаго ўдзельнікі здалі экзамен камісіі.

Некалькі лекцый у межах курсу былі прысвечаны гісторыі Таварыства глухіх, а таксама развіццю душпастырства глухіх у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Акрамя таго, былі прадстаўлены асноўныя правілы і прыёмы прамога і зваротнага перакладу, асновы рускай жэставай мовы і калькулюючай жэставай мовы.

Галоўнай мэтай арганізацыі курсу было не толькі даць навучэнцам магчымасць авалодаць навыкамі жэставай мовы, але перадусім звярнуць іх увагу на актуальныя праблемы глухіх людзей.

Вернікі, якія з розных прычын сутыкнуліся з дысфункцыяй слыху, часта застаюцца без належнай душпастырскай апекі і магчымасці ўдзельнічаць у рэлігійным жыцці. Нярэдка яны трапляюць пад уплыў дэструкцыйных сектаў.

На лекцыях адзначалася, што праблема людзей з абмежаваным слыхам — гэта не праблема глухаты. Як кажуць святары, якія займаюцца спецыяльным душпастырствам такіх людзей, яны не глухія. Гэта іншыя людзі для іх «нямыя», таму што не могуць знайсці патрэбных словаў для таго, каб з імі размаўляць на супольнай мове. З-за гэтага падрыхтоўка да сакрамэнтаў, катэхізацыя, жаданне пазнаць Бога, імкненне да духоўнага развіцця і ўдзел у парафіяльным жыцці — усё гэта для многіх людзей з дысфункцыяй слыху моцна абмежавана.

У межах курсу, акрамя тэорыі, шмат часу было прысвечана таксама практычным групавым і індывідуальным заняткам. На экзамене на заканчэнне курсу навучэнцы павінны былі паказаць валоданне дактыльным алфавітам, на мове жэстаў паказаць сваю аўтапрэзентацыю і зараней падрыхтаванае апавяданне на зададзеную тэму. Усе яны выдатна справіліся з заданнем, праявілі стараннасць і паспяхова здалі экзамен.

Навучэнцы, якія вывучалі мову жэстаў, паходзілі з розных дыяцэзій Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Іх настаўнікі спадзяюцца, што выпускнікі баранавіцкага каледжу — катэхеты і сямейныя кансультанты — у будучыні змогуць абвяшчаць добрую вестку Евангелля таксама на мове жэстаў.

Усе мерапрыемствы ў катэхетычным каледжы праходзілі ў прыязнай і творчай атмасферы, з захаваннем неабходных санітарна-эпідэмічных нормаў і прадпісанняў.

Адміністрацыя катэхетычнага каледжу выказвае падзяку за актыўны ўдзел і дапамогу ў правядзенні курсу жэставай мовы законніцкай супольнасці ксяндзоў вербістаў, а таксама лектарам: Вераніцы Калеснік і душпастырам глухіх з Гродзенскай дыяцэзіі — ксяндзу Валерыю Лісоўскаму і ксяндзу Яну Кузюку.

Кантакты душпастырства глухіх у Касцёле ў Беларусі:

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія:
+375 (29) 117 17 61 — кс. канонік Францішак Рудзь

Гродзенская дыяцэзія:
+375 (29) 675 33 09 — кс. Валерый Лісоўскі

+375 (33) 682 21 61 — кс. Ян Кузюк

Пінская дыяцэзія:
+375 (29) 240 67 38 — кс. Юрый Пракапюк

Кс. Юрый Пракапюк, Catholic.by

для друку для друку