Падчас Юбілейнага года Турынская плашчаніца будзе дэманстравацца з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Вернікі, якія ў красавіку-маі прыбудуць у Турын на літургічны ўспамін святой Плашчаніцы 4 мая, змогуць разгледзець плашчаніцу бліжэй, чым калі-небудзь раней, з дапамогай лічбавых тэхналогій.
Праект называецца «Avvolti» і з’яўляецца ініцыятывай, якую Касцёл у Турыне прапануе жыхарам Турына, П’емонта і ўсім тым, хто будзе знаходзіцца ў горадзе з 28 красавіка па 5 мая, падчас свята плашчаніцы.
Новы падыход да плашчаніцы
Падчас прэс-канферэнцыі, арганізаванай у Турыне сумесна з прэс-службай Апостальскай Сталіцы ў Ватыкане, была прадстаўлена насычаная праграма, звязаная з магчымасцю агляду Турынскай плашчаніцы. Паколькі плашчаніца не будзе выстаўляцца публічна ў 2025 г., яе папскі захавальнік кардынал Раберта Рэполе адважыўся на праект «Avvolti». У кантэксце Юбілейнага года гэты праект павінен зрабіць магчымым разважанне і сузіранне плашчаніцы як абраза Мукі Пана.
«У гэты юбілейны год мы шукалі новы падыход да плашчаніцы, арыентуючыся на новыя лічбавыя тэхналогіі», — сказаў кардынал Рэполе. «Я лічу, што Юбілейны год, які мы перажываем, можа стаць сапраўды цудоўнай магчымасцю для ўсіх нанова адкрыць для сябе плашчаніцу», — дадаў ён. «Дзякуючы новым лічбавым тэхналогіям, у гэтым годзе мы маем магчымасць як ніколі наблізіцца да Святой плашчаніцы. Спадзяёмся, што гэты новы спосаб адкрыцця плашчаніцы таксама прыцягне новых людзей, якія ёю цікавяцца. «Мы асабліва зацікаўлены ў маладым пакаленні», — дадаў кардынал.
Дакрануцца да дэталяў
Як было анансавана на канферэнцыі, у рамках праекта «Avvolti» наведвальнікі змогуць увайсці ў вялікую палатку, усярэдзіне якога будзе ўсталяваны стол з падсветкай, такога ж памеру, як плашчаніца; Ён будзе паказваць віртуальны малюнак палатна і дазволіць даследаваць і дакрануцца да дэталяў малюнка.
Марка Банацці, спецыяліст па камунікацыі дыяцэзіяльнай камісіі па справах плашчаніцы, адзначыў: наведвальнікі змогуць убачыць плашчаніцу зблізку, што раней было немагчыма. «Традыцыйна плашчаніца заўсёды выстаўлялася высока і далёка», — растлумачыў Банацці.
Людзі, якія наведаюць палатку з плашчаніцай, таксама змогуць пасля закрыцця палатна азнаёміцца з палатном анлайн — з дапамогай смартфонаў, планшэтаў і камп’ютараў. Некаторыя эксклюзіўныя матэрыялы будуць даступныя ў сацыяльных сетках (@avvolti) і на сайце www.avvolti.org, дзе можна забраніраваць час для наведвання.
Наведванне палаткі з плашчаніцай будзе бясплатнае, але па папярэднім запісе.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач
