У Італіі паўмільёна дзяцей і падлеткаў наведваюць каталіцкія дзіцячыя сады і школы

Ілюстрацыйнае фота

Каля 545 тыс. дзяцей і падлеткаў у Італіі наведваюць каталіцкія дзіцячыя сады і школы. Лічба паходзіць з XXIII даклада аб каталіцкіх школах у краіне.

У параўнанні з 2020 г. колькасць выхаванцаў касцёльных адукацыйных устаноў, а іх 7 859, павялічылася на 2 675 (0,5%).

Працягваецца павелічэнне колькасці вучняў з неітальянскім грамадзянствам: 31 116 чалавек (5,7% ад агульнай колькасці), а таксама вучняў з асаблівасцямі развіцця: 8 756 чалавек (1,6% ад агульнай колькасці).

У каталіцкіх дзіцячых садах і школах працуюць 54 387 педагогаў, што таксама больш чым у 2020 г.; прычым амаль палова (25 434) у дашкольных установах. Што тычыцца геаграфічнага размеркавання, амаль шэсць з дзесяці адукацыйных устаноў (59,7%) знаходзяцца на поўначы Італіі.

Аўтары даклада адзначаюць бясспрэчны давер бацькоў да каталіцкіх дзіцячых садоў і школ. Ідзе на карысць і тое, што у такіх установах існуе абмежаваная колькасць вучняў, што павышае бяспеку і ўзровень адукацыі.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку