У Дамаску адкрыецца першы факультэт каталіцкай тэалогіі

Ілюстрацыйнае фота

Восенню ў Дамаску пачне працаваць першы ў Сірыі факультэт каталіцкай тэалогіі. 1 кастрычніка 2021 г. ВНУ, створаная ўказам Прэзідэнта ад мая 2019 г., прыме каля 90 студэнтаў.

Афіцыйнае адкрыццё запланавана на 28 жніўня. Стварэнне новай адукацыйнай установы падтрымаў кардынал Марыа Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі.

Першапачаткова сядзібай факультэта стане будынак былой школы ў цэнтры сталіцы, які належыць Мельхіцкаму Патрыярхату. Ужо ў 2002 г. Мельхіцкая Царква распачала намаганні па арганізацыі вывучэння каталіцкай тэалогіі ў Дамаску і заснавала Тэалагічны інстытут. Рэктарам новага факультэта будзе Антыяхійскі Патрыярх Юсуф Абсі, а дэканам – архімандрыт Юсуф Лажын.

Былы Мітрапаліт Босры Нікалас Антыба сказаў cath.ch, што таксама і мусульманская моладзь цікавіцца каталіцкай ВНУ. Акрамя Лівана, у Мельхіцкай Царквы на Блізкім Усходзе не было ўласнага тэалагічнага інстытута.

«Усе нашы студэнты паходзяць з хрысціянскіх сем’яў: каталіцкіх або праваслаўных, ёсць таксама халдэі, армяне, паслядоўнікі старажытных Усходніх Цэркваў», — паведаміў архімандрыт Юсуф Лажын. Ён патлумачыў, што ВНУ павінна падрыхтаваць іх да навучання рэлігіі ў школах або далейшага пошуку жыццёвага шляху.

Вучоба будзе доўжыцца пяць гадоў і завершыцца атрыманнем дзяржаўнай ліцэнзіі на выкладанне тэалогіі. Такім чынам, каталіцкія семінарысты змогуць рыхтавацца да святарства не выязджаючы за мяжу для навучання. Патрыярхат пакрые адну траціну кошту будаўніцтва новага факультэта; французская арганізацыя дапамогі L’Oeuvre d’Orient ужо ахвяравала 40 тыс. долараў ЗША на камп’ютэрнае забеспячэнне.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку