19 верасня ў Браславе катэхеты Віцебскай дыяцэзіі сустрэліся, каб падзяліцца вопытам і разам паразважаць над сваёй місіяй у Плане збаўлення. Асноўнай тэмай сустрэчы стаў шлях вучняў Езуса ў Эмаўс. А правесці катэхетаў праз гэтую нялёгкую частку Евангелля быў запрошаны а. Карэнтын Бонавентура Н’тонтас – выкладчык Каталіцкай вышэйшай духоўнай семінарыі Марыя – Царыца Апосталаў, вікарый Парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу.
У пачатку сустрэчы ўдзельнікі разам перажылі Эўхарыстыю, на якой ад імя біскупа Алега Буткевіча іх прывітаў канцлер і дырэктар Карытас Віцебскай дыяцэзіі кс. кан. Віктар Місевіч.
Казанне на Імшы прамовіў а. Бонавентура: «Поздравляю вас с этой великой миссией, которую дал вам Господь — быть соработниками в Его Плане спасения» — сказаў святар і заахвоціў прысутных нястомна сеяць зерне веры, а вынік даверыць Богу, лепш які ведае, калі гэтаму зерню будзе час прарасці.
Пасля св. Імшы а. Бонавентура прамовіў канферэнцыю, падчас якой ён запрасіў удзельнікаў сустрэчы паразважаць над прыкладам Езуса як першага катэхета ў 24 раздзеле Евангелля паводле Лукі.
Затым пачалася работа ў малых групах. Катэхеты дзяліліся сваімі думкамі аб пачутым на канферэнцыі і на аснове ўласнага вопыту шукалі шляхі для паляпшэння катэхізацыі, якімі яны пазней падзяліліся:
- Быць прыкладам любові і любіць сваіх выхаванцаў;
- Важнасць акцэнтаў – не што перадаць выхаванцам, а як;
- Заахвочваць выхаванцаў да ўдзелу ў св. Імшы;
- Заняткі для бацькоў разам, ці ў адзін час з дзецьмі;
- Святар і катэхет – адна каманда, важна слухаць і дзяліцца.
Пасля абеду пачалася больш практычная частка, падчас каторай катэхеты актуалізавалі свае веды па Святым Пісанні з дапамогай гульняў. Гульні праходзілі ў духу сапраўднага спаборніцтва, у канцы каторага выявілі і ўзнагародзілі пераможцаў.
Важна адзначыць, што асноўную частку фінансавых выдаткаў на правядзенне сустрэчы ўзяў на сабе Карытас Віцебскай дыяцэзіі. А перад ад’ездам кожны ўдзельнік атрымаў ад Карытас Віцебск падарунак, які дапаможа ў правядзенні заняткаў.
Лаліта Арлоўская
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

























