У базіліцы Святога Пятра прадставілі новы мастацкі Крыжовы шлях

У базіліцы Святога Пятра адбылося адкрыццё новага Крыжовага шляху — 14 маштабных карцін напісаных алеем швейцарскага мастака Мануэля Дзюрра. Падзея прымеркавана да Вялікага посту і 400-годдзя асвячэння базілікі, якое адбылося ў 1626 годзе, паведамляе EWTN News.

Першая базіліка, пабудаваная па загаду імператара Канстанціна ў 326 годзе над магілай апостала Пятра, прастаяла дванаццаць стагоддзяў.

У 1506 годзе Папа Юлій II загадаў знесці яе, каб узвесці на гэтым месцы новую святыню. Сучасная базіліка Святога Пятра была асвечана 18 лістапада 1626 года Папам Урбанам VIII. Гэта стала завяршэннем працяглага праекта, у якім удзельнічалі такія мастакі і архітэктары, як Мікеланджэла Буанароці, Джан Ларэнца Берніні і Карла Мадэрна. Праз чатыры стагоддзі найбуйнейшы хрысціянскі храм адзначае свой юбілей новым мастацкім Крыжовым шляхам, які будзе даступны для пілігрымаў і наведвальнікаў на працягу ўсяго Вялікага посту.

Праект Мануэля Дзюрра быў абраны з больш чым 1000 заявак з 80 краін па выніках міжнароднага конкурсу, абвешчанага ў снежні 2023 года. Ватыканская камісія, у якую ўваходзілі мастацтвазнаўцы і літургісты, прысудзіла аўтару прэмію ў памеры 120 тысяч еўра.

У выніку атрымаўся свежы духоўны погляд на Страсці Хрыстовыя: 14 карцін алеем памерам прыблізна 130 на 130 см паказваюць апошнія хвіліны жыцця Езуса — ад асуджэння да пахавання. Журы адзначыла «збалансаванасць і выразную сілу» працы, а таксама высока ацаніла «магутную і непасрэдную» мову жывапісу, якая, па словах прадстаўнікоў Ватыкана, спалучае дух эпохі Адраджэння з элементамі авангарду. У інтэрв’ю на адкрыцці мастак прызнаўся, што, улічваючы маштаб замовы, яму давялося знайсці ў сабе ўпэўненасць.

мастак Мануэль Дзюрр

«Пісаць Езуса вельмі, вельмі складана, — сказаў мастак, — бо я не той, хто робіць гэта ўпершыню; Ён той, пра каго мільярды людзей ужо маюць сваё ўласнае ўяўленне і з якім маюць асабістую сувязь». Цяпер, калі працы выстаўлены вакол знакамітага балдахіна Берніні ў базіліцы, Дзюрр адчувае спакой: «Я вельмі шчаслівы бачыць кантэкст, для якога былі створаны гэтыя карціны… Здаецца, яны гарманічна ўпісваюцца». Мастак працаваў восем месяцаў над 14 палотнамі, якія цяпер упрыгожваюць цэнтральны неф базілікі падчас Вялікага посту.

З самага пачатку ён разумеў, што працуе не для сучаснай галерэі, а для літургічнай прасторы з жывой традыцыяй. Нягледзячы на ​​тое, што Дзюрр не з’яўляецца католікам, ён апісвае сябе як чалавека, «тэалагічна даволі блізкага да каталіцкай веры».

Дзюрр спадзяецца, што гэты Крыжовы шлях дапаможа людзям знайсці шлях да глыбейшага разумення таямніцы, над якой яны разважаюць. Ён таксама прызнаў уплыў Фра Анджэліка, у прыватнасці яго фрэсак у кляштары Сан-Марка ў Фларэнцыі, якія дасягнулі сінтэзу мастацкіх інавацый і духоўнай глыбіні.

Для Дзюрра «Укрыжаванне» стала воссю ўсёй серыі: гэта была першая карціна, якую ён пачаў, і апошняя, якую ён скончыў. «Крыж, задуманы як інструмент тэрору для запалохвання ў Рымскай імперыі, стаў сімвалам надзеі, які мы носім на шыі», — сказаў мастак.

Ён выказаў надзею, што гэтая серыя карцін стане «маленькімі дзвярыма» да цэнтральнай таямніцы хрысціянскай веры для тых, хто будзе сузіраць новы Крыжовы шлях.

Найбольш асаблівым для мастака была «Вераніка». «Яна трымае хустку з выявай Хрыста, і ў пэўным сэнсе гэта тое, што я спрабую зрабіць: пісаць на палатне і пакідаць след, адбітак, які дазваляе адчуць нешта глыбейшае», — падзяліўся Дзюрр. Праз чатыры стагоддзі пасля асвячэння, базіліка ўшаноўвае сваю гісторыю праз адноўлены заклік да малітвы і сузірання мук Госпада.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку