У 3.00 раніцы ішла на адарацыю, калі яе спынілі шэсць узброеных мужчын

І тое, што адбылося ў адным з самых крымінальных гарадоў свету, прывяло аднаго з салдат да слёз…

Адарацыя ў бандыцкім горадзе

У інтэрв’ю аргентынскаму Радыё Марыя мексіканскі святар кс. Патрыцыо Хілман распавёў пра незвычайную падзею. Гэта адбылося ў 2013 годзе ў Сьюдад-Хуарэсе, горадзе, вядомым сваімі злачынствамі, на мяжы паміж Мексікай і ЗША.

Горад апынуўся ў аблозе з-за крывавых сутычак паміж бандамі наркадылераў.

На фоне такой жорсткасці з высокім узроўнем штодзённых забойстваў, адна з парафій папрасіла як мага хутчэй адкрыць капліцу вячыстай адарацыі. Тры дні спатрэбілася, каб ідэя ператварылася ў рэальнасць.

Не верылі, што яна ідзе ў капліцу

У тым жа годзе жанчына ішла ў капліцу ў тры гадзіны ночы, каб здзейсніць сваё дзяжурства Святой Гадзіны, калі яе спынілі шэсць салдат. Яны паставілі пад сумнеў яе познюю прысутнасць на вуліцы і не паверылі, што яна накіроўваецца да капліцы, калі навокал усё зачынена.

Жанчына прапанавала пайсці з ёй. Калі яны дабраліся да капліцы, салдаты былі здзіўлены, убачыўшы шэсць жанчын, якія здзяйснялі эўхарыстычную адарацыю ў тры гадзіны ночы. Іх здзіўленне яшчэ больш узрасло, калі адна з жанчын сказала: «Вы думаеце, што гэта вы нас абараняеце? Гэта мы молімся за вас 24 гадзіны ў суткі».

Плач салдата

Адзін з салдат, трымаючы зброю ў руках, расплакаўся і ўпаў на калені перад Найсвяцейшым Сакрамантам. На наступны дзень, на досвітку, роўна ў тры ночы, той самы салдат у цывільным стаяў на каленях у капліцы і чуваў сваю Святую Гадзіну перад Найсвяцейшым Сакрамантам, «праліваючы акіяны слёз».

Як паведамляецца, у гэты час у Сьюдад-Хуарэсе адбылося значнае зніжэнне ўзроўню забойстваў. Да 2010 года горад рэгулярна фігураваў у рэйтынгу 10 самых небяспечных гарадоў свету. У апошнія гады ён выбыў з гэтага сумна вядомага рэйтынгу. Цяпер горад займае лепшае месца, чым некаторыя з так званых гарадоў «першага свету», напрыклад, амерыканскі Балтымор ці Новы Арлеан.

Адарацыя як эфектыўная зброя

Узровень забойстваў у Сьюдад-Хуарэсе застаецца высокім і патрабуе намаганняў ад ураду і малітваў хрысціян. Аднак паказчыкі ўпалі з 3766 у 2010 годзе да 256 выпадкаў у 2015 годзе.

Бог заўсёды просіць, каб мы выконвалі сваю частку задання. Сярод усіх мер, прынятых для пераадолення злачыннасці ў Сьюдад-Хуарэсе, здаецца, што вячыстая адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта апынулася высокаэфектыўнай зброяй у барацьбе за дабро і супакой.

Пераклад Марыны Сінкевіч паводле pl.aleteia.org

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі