Часта дарослым падаецца, што галоўнае ў падлеткавым узросце – гэта вучоба. Падлеткам падаецца, што галоўнае – гэта каханне і сябры. Насамрэч, і тое і тое важна. Але неабходная ўмова кожнай з гэтых важных частак жыцця – добрае атачэнне, “добрая кампанія”, супольнасць аднадумцаў.
Вялікія вартасць хрысціянскіх летнікаў і курсаў не толькі ў іх змесце і духоўным “зарадзе”, якія яны даюць на доўгі час, але таксама і тым, што на сустрэчах такога кшталту фармуецца якасная хрысціянская супольнасць, дзе кожны чалавек можа знайсці не толькі сяброў, але і навучыцца суіснаваць з тымі, з кім часам цяжка паразумецца.
Гэтым разам на курсе для падлеткаў “Закхей” было каля сямідзесяці асобаў. Кожны з удзельнікаў прыехаў у Оршу са сваёй гісторыяй. Хтосьці чакаў сустрэчы цэлае лета, хтосьці прасіў бацькоў адпусціць яго ў першы раз, для кагосьці вопыт гэтых рэкалекцый стаў першай сустрэчай з касцёлам увогуле. Праграма пяцідзённага курсу была разлічаная такім чынам, каб кожнаму госцю рэкалекцыйнага дома было не толькі цікава, але і камфортна. Хоць асноўнай тэмай летняга “Закхея” быў радыкалізм у хрысціянскім жыцці, ход сустрэчы выявіў, што важнай была праца над стварэннем супольнасці і разуменнем таго, што такое – супольнасць.
Так, напрыклад, адзін з дней быў цалкам прысвечаны пазнанню і падрыхтоўцы да галоўнай супольнай малітвы касцёла – святой Імшы. Эўхарыстыя была апошнім пунктам праграмы і распачыналася амаль а дзясятай гадзіне вечара для таго, каб удзельнікі мелі цэлы дзень для падрыхтоўкі да Вячэры Пана, а таксама для таго, каб у атмасферы “пустыні”, якая распачалася за некалькі гадзінаў да Імшы, скончыць гэты дзень у паяднанні з Божым словам і прынятым сакрамантам. Інтэлектуальную падрыхтоўку да вечаровай малітвы забяспечвалі ранішнія канферэнцыі пра сэнс і сутнасць хрысціянскай ахвары ад дк. Яўгена Мельніка МІС, а таксама пра сімвалы і складнікі святой Імшы ад с. Ліліі Дарожка SJE.
Важнай характарыстыкай здаровай супольнасці з’яўляецца яе адкрытасць на новых людзей, яе здольнасць расці і развівацца. Лагічным завяршэннем курса стаў вечаровы евангелізацыйны канцэрт, куды мог патрапіць кожны жадаючы. Ва ўнутраным дворыку парафіяльнага дома была абсталяваная летняя сцэна, з якой гучалі не толькі хрысціянскія спевы, але таксама катэхэза кс. Яўгена Шымановіча і сведчанне аніматара Ганны Фёдаравай. Сапраўды, вечар атрымаўся надзвычай цёплым і сабраў шмат зацікаўленых мінакоў, якія потым дзяліліся прыемнымі ўражаннямі і жаданнем паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве яшчэ раз.
А чаму б не! На шчасце, курс “Закхей” адбываецца ў Оршы штосезон, а таму ў наступныя сустрэчы таксама можа ладзіць розныя евангелізацыйныя акцыі, бо ўжо стаў камандай аднадумацаў.
Можна было б распавесці пра іншыя пункты праграмы, апісаць яскравыя моманты адпачынку і дакрануцца да глыбокіх духоўных перажыванняў удзельнікаў, але такія рэчы лепей перажываць самому. Таму запрашаем вас далучацца да рэкалекцыйных курсаў у Оршы і разам будаваць новыя трывалыя супольнасці пілігрымуючага Касцёла.
Паліна Грыб, тэкст
для друку