«Хвала Хрысту! У мяне такое пытанне: калі мы з хлопцам мелі сексуальную блізкасць і хочам узяць шлюб, у нас святар будзе пра гэта пытацца? Ці паўплывае гэта неяк на шлюб? Шлюб будуць удзяляць з Імшой ці не?»
Сафія
На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:
– У адпаведнасці з Кананічным правам Каталіцкага Касцёла, «шлюб лічыцца згодай бакоў, законным чынам выяўлены юрыдычна дзеяздольнымі асобамі. Шлюбная згода – гэта акт волевыяўлення, якім мужчына і жанчына з дапамогай неадменнага дагавору ўзаемна аддаюць і прымаюць адно аднаго, каб заключыць шлюб» (CIC 1057). Касцёл расцэньвае ўзаемнае выражэнне згоды паміж сужэнцамі як неабходны элемент, які стварае шлюб. Сярод перашкодаў для заключэння шлюбу няма сексуальнага сужыцця да шлюбу.
Аднак разам з тым не трэба забываць, што шлюб з’яўляецца сакрамантам, а значыць прыняць яго можна толькі будучы ў стане асвячальнай ласкі. Сексуальныя адносіны да шлюбу – гэта цяжкі грэх, які называецца блудам. Гэта плоцкая сувязь паміж свабоднымі мужчынам і жанчынай па-за шлюбным саюзам, якая груба парушае годнасць асобы і сексуальнасці чалавека, натуральна прызначанай для шлюбнага дабра, а таксама для нараджэння і выхавання дзяцей» (ККК 2353). Таксама як кожны цяжкі грэх, блуд пазбаўляе чалавека асвячальнай ласкі.
Для людзей, якія пасля хросту ўпадаюць у цяжкі грэх, Хрыстос устанавіў сакрамант споведзі: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, а каму затрымаеце, на тым застануцца” (Ян. 20, 23). Каб вярнуць асвячальную ласку, чалавек павінен шчыра раскаяцца і паспавядацца. «Пакаянне абавязвае грэшніка добраахвотна прыняць усе элементы [пакаяння]: у сэрцы – скруху; у вуснах – споведзь; у паводзінах – дасканалую пакору» (ККК 1450).
для друку