Трохвыяўны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай можна ўбачыць на выставе ікон у Мінску

mater bozja11 чэрвеня адбылося адкрыццё выстаўкі “Дух рэлігійнай традыцыі і друкаваная ікона” з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Музея земляробства імя ксяндза К. Клюка (г. Цехановец, Польшча).

На выстаўцы прадстаўлена звыш 70 экспанатаў. Яны надрукаваны ў канцы XIX – пачатку XX ст. у еўрапейскіх друкарнях у складанай, надзвычай працаёмкай тэхніцы хромалітаграфіі. Менавіта гэты спосаб друку дазваляў перадаваць усе колеры арыгінала і выдаваць якасныя друкаваныя рэлігійныя выявы вялікім тыражом. Вынік атрымліваўся такі, што і сёння людзі дзівяцца прыгажосці старадаўняй каляровай іконы.

Сярод праваслаўных ікон, змешчаных у экспазіцыі, вылучаюцца высокамастацкія хромалітаграфіі адэскага выдаўца Я.І. Фясенкі, атрымаўшага першы прыз на Сусветнай міланскай выстаўцы за прадстаўленыя творы, і падакладныя на дошцы хромалітаграфіі І.Д. Сыціна.

Самая рэдкая і незвычайная з каталіцкіх абразоў – ікона Божай Маці Чанстахоўскай. Арыгінальнасць яе ў тым, што пры змене ракурсу нечакана, як бы цудоўным чынам, перад чалавекам адкрываюцца тры выявы: Антонія Падуанскага, Анёла-ахоўніка, Божай Маці.

Музейныя калекцыі старадаўніх каляровых друкаваных ікон дапоўніць выстаўка кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Наведвальнікі пабачаць рэпрынтныя выданні беларускіх старадрукаў XVI–XVIII стст. з чорна-белымі і каляровымі выявамі абразоў (друкары Спірыдон Собаль, Аляксандр Тарасевіч) і арыгіналы ХІХ – пачатку ХХ ст., выданні па гісторыі друкавання, энцыклапедыі тэхнічных прыстасаванняў для хромалітаграфіі, каталогі друкаваных абразоў найбуйнейшых прыватных выдавецтваў.

 Выстаўка “Дух рэлігійнай традыцыі і друкаваная ікона” будзе працаваць да 27 жніўня.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 28 33;  293 27 56.
Е-mail: pr@nlb.by

nlb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі