2 і 3 жніўня 2019 года ў Росіцы ў 20-ю гадавіну беатыфікацыі айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча шматлікія вернікі ўшанавалі памяць мучаніцкай смерці бласлаўлёных пакутнікаў.
Вось ужо 20 год сустрэча адбываецца ў той самай святыні, дзе ў 1943 годзе святары Юрый і Антоні разам са сваімі вернікамі паказалі беларускай зямлі, што азначае любіць і перамагаць нянавісць дабром. Сёння прайшло 30 год, калі пасля доўгага перапынку ў касцёле зноў пачала гучаць малітва і спеў. Першым, хто пачаў аднаўляць жыццё касцёла ў Росіцы, быў а. Антоні Лось, старэйшы марыянін, былы выпускнік Друйскай гімназіі. У 1988 годзе ў падвальным сутарэнні храма адбыліся першыя патаемныя набажэнствы. На месцы былой спаленай канюшні ў 1989 годзе быў усталяваны першы драўляны крыж, як памяць аб ахвярах трагедыі і духоўным подзвігу святароў марыянаў. Ахвяру росіцкіх святароў прызнаў гераічным увесь Каталіцкі свет. 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве Папа Ян Павел ІІ абвясціў акт беатыфікацыі і марыянскіх святароў сярод 108 ахвяраў Другой сусветнай вайны. Шматпакутная Росіца набыла сваіх заступнікаў перад Богам. Ужо 20 год вернікі прыбываюць у гэтае месца, каб шукаць сапраўднага Божага натхнення для штодзённага жыцця.
Пакланіцца росіцкім мучанікам сёлета прыбылі пешыя пілігрымкі з Друі (110 чалавек, 3 дні, 89 км) і Полацку (48 чалавек, 4 дні, 115 км), на роварах з Барысава (8 асоб, 5 дзён, 400 км) і Верхнядзвінска (14 асоб, 36 км).
На парозе святыні пілігрымаў шчыра, з адкрытасцю і любоўю сустракаў а. Чэслаў Курачка МІС. А 18-й гадзіне распачалася св. Імша для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Разам з ардынарыем Літургію канцэлебравалі правінцыял ордэна айцоў марыянаў правінцыі Божага Провіду ў Варшаве а. Томаш Навачэк МІС, Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек і святары, якія прыбылі ў Росіцу.
На самым пачатку старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар Марковіч выказаў словы прывітання і падзякі біскупу Алегу, святарам і ўсім пілігрымам, якія нягледзячы на адлегласць і перашкоды прыбылі ў Росіцу памаліцца праз заступніцтва бласлаўлёных айцоў марыянаў. І з нагоды 75-годдзя вызвалення нашай краіны за высокае патрыятычнае выхаванне і ўвекавечванне памяці ахвяр фашызму юбілейным медалём быў адзначаны а. Чэслаў.
Пра цяжкасці прапаведвання сярод родных і знаёмых, што адбывалася і з Езусам у роднай бацькаўшчыне, як піша апостал Мацвей у Евангеллі, паразважаў у гаміліі дк. Ілля Саўчанка МІС. «Часта Бога шукаем недзе далёка, наведваем санктуарыі. Але Бог блізка нас, Бог з намі. Прыбываючы ў гэту. Святыню і складаючы інтэнцыі на алтары, ці веру, што Бог можа перамяніць маё жыццё, дакрануцца сэрца? Ці проста прыходжу, бо падабаецца плігрымаваць і тут прыгожа?» — заклікаў паразважаць дк. Ілля і прыгадаў словы св. Аўгустына: «Баюся блізкасці Бога, бо баюся не заўважыць Яго і прайсці міма».
Скончыў сваю прамову вершам Рыгора Барадуліна, а затым дадаў, што «слова дом можна замяніць на Росіцу»:
Трэба ў Росіцы бываць часцей,
Трэба ў Росіцы бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець
І не страціць святое штосьці.
Працягам малітотўнага чування стаў Акафіст бласлаўлёным мучанікам Юрыю і Антонію ў выкананні вернікаў Грэка-каталіцкай Царквы, затым ружанцовая малітва, якую праводзілі пілігрымы з Друі, і малітва праслаўлення пад кіраўніцтвам а. Міхаіла Цвячкоўскага.
Адным з галоўных пунктаў праграмы ўрачыстасці з’яўляецца св. Імша апоўначы і працэсія на Пляц мучаніцтва, дзе адбываецца малітва і адарацыя крыжа.
На пачатку Эўхарыстыі генеральным вікарыем кс. Францішкам Кіселем быў зачытаны дэкрэт біскупа Віцебскага аб устанаўленні ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы Дыяцэзіяльнага Санктуарыя Росіцкіх пакутнікаў.
Пасля Імшы святары, законныя сёстры разам з вернікамі вырушылі працэсіяй на месца мучаніцтва і смерці росіцкіх жыхароў разам з бласлаўлёнымі айцамі Юрыем і Антоніем.
“Мы праходзім праз дзесяткі дзвярэй. Адны добра з вамі ведаем, адкрываем іх нават не задумваючыся, для іншых трэба пашукаць ключы. А яшчэ іншыя – самі перад намі адчыняюцца. Так выглядае сёння тэхнічны прагрэс. Ёсць дзверы, праз якія нам не ўдасца прайсці праз усё нашае жыццё. Але сярод гэтага мноства ёсць яшчэ адна брама. Брама, якая вядзе чалавека ў вечнае жыццё. Пра гэтую брама нам кажа Святое Пісанне. І гэтай брамай ёсць Езус Хрыстус”, — прамовіў біскуп Алег і дадаў, што гэтым знакам тут з’яўляецца ўстаноўленая брама, якая калісьці вяла ў касцёл, а цяпер нагадвае, што з’яўляецца брамай, якая вядзе ў Валадарства Божае.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
