ТОП незвычайных батлеек

Напярэдадні Божага Нараджэння з’яўляюцца сапраўдныя творы мастацтва – батлейкі, якія расказваюць пра цудоўнае нараджэнне Езуса і падтрымліваюць святочную атмасферу. “Каталіцкі Веснік” сабраў інфармацыю пра некалькі незвычайных батлеек, якія былі створаны ў свой час у розных краінах свету.

Батлейка Пробошта

У чэшскай мясцовасці Тржэбехавіцэ знаходзіцца музей батлеек. Іх больш за чатырыста. Тут можна знайсці вырабы са шкла, дрэва, свінцу, паперы, саломы. Аднак самая каштоўная – рухомая драўляная батлейка Пробошта, якая важыць 1,2 тоны. У ёй знаходзіцца больш за дзве тысячы разьбяных фігурак. Даўжыня батлейкі – сем метраў, шырыня – 3, 2 метра, вышыня – 1,8 метра.

Батлейка Чэхія, фота Барбора Немцова

Снежныя і ледзяныя батлейкі

У самых халодных рэгіёнах, напрыклад, у Расіі можна ўбачыць унікальныя і прыгожыя батлейкі з лёду.

Штогод у свеце з’яўляюцца снежныя батлейкі. Так, у Польшчы з двухметровага ўзгорка снегу спадар Генрык выразаў у сваім двары калядную батлейку.

Самая вялікая ў свеце батлейка

Самая вялікая калядная батлейка ў свеце была ўсталявана ў 2020 годзе ў Алікантэ (Іспанія). Яе ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Вышыня фігуры святога Юзафа складае мінімум 19 метраў. Скульптура Езуса вышынёй больш за тры метры, а Марыі – каля дванаццаці метраў.

Самая маленькая батлейка ў свеце

У 2017 годзе ў Вільні была створана самая маленькая ў свеце батлейка. Яна настолькі мініяцюрная, што можа змясціцца ўнутры вушка іголкі, а ўсе дэталі можна разгледзець толькі пад мікраскопам. Вышыня фігуркі маленькага Езуса складае каля 22,822 мікраметра, а яе дыяметр – каля 12,5 мікраметра. Для параўнання: клетка чалавека мае дыяметр 50 мікраметраў.

Бэтлеем з пяску

У шматлікіх краінах скульптары штогод ствараюць пясчаныя батлейкі, якія здзіўляюць сваёй натуральнасцю.

На Канарскіх выспах такая традыцыя існуе больш за пятнаццаць гадоў. У 2020 годзе ў адным з такіх вырабаў сцэны з Бібліі былі адноўленыя з дапамогай 2000 тон пяску і вады.

У 2018 годзе на стварэнне незвычайнага каляднага аб’екта ў Ватыкане пайшло 720 тон пяску.

Батлейкі з ежы

У Чэхіі ў мясцовасці Маславіцы на Божае Нараджэнне ўжо амаль дваццаць гадоў робяць калядную батлейку з масла.

батлейка з масла

 

батлейка з масла

У 2015 годзе брытанская мастачка стварыла калядную батлейку з сыру. З кавалка чэддэра яна па-майстэрску выразала фігуры Марыі, Юзафа, трох каралёў, маленькага Езуса і нават жывёл. Фігуры перададзены з фатаграфічнай дакладнасцю, на тварах можна было разгледзець нават эмоцыі.

батлейка з сыра

Батлейка на ўзбярэжжы

Калядную батлейку з 1960-х гадоў робяць жыхары невялікага італьянскага гарадка Манарола. Пляцоўкай для яе размяшчэння служыць прыбярэжны ўзгорак вышынёй некалькі дзясяткаў метраў. Яго ўпрыгожвае больш за 150 фігур, для асвятлення якіх пракладваюць электрычныя кабелі агульнай працягласцю каля васьмі кіламетраў.

Падрыхтавала Ірына Радзевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі