Ці памятаеце вы свой першы ружанец, які атрымалі ў дзяцінстве? Магчыма, сваім дзіцячым позіркам вы яшчэ не змаглі падняцца над зямной прыгажосцю бісеру і прыгожага футарала. І, магчыма, нават сёння вам цяжка маліцца на ружанцы. Не хвалюйцеся. Ён стамляў святую Тэрэзу, і яна не магла адразу адкрыць для сябе яго прыгажосць. Ружанец таксама захапіць вас толькі тады, калі праз некаторы час вы ўбачыце яго плён.
Пазбаўцеся ад нуды!
Ці не сумна і бессэнсоўна паўтараць адны і тыя ж формулы паўгадзіны? Гэта зусім не глупства. І нуду можна перамагчы. Перш за ўсё, неабходна вылечыцца ад таго спецыфічнага «стрэсу», у які мы самі сябе ўводзім: «я павінен кантраляваць разрозненыя думкі», «я павінен засяроджвацца толькі на словах, якія я кажу». Стоп! І хто сказаў, што так павінна быць? Дзе вы знайшлі загад засяродзіць усю ўвагу выключна на словах «Вітай, Марыя…»? Не патрабуйце ад сябе ўдумвацца ў кожнае слова вымаўленых формул. Яны павінны дапамагчы вам увайсці ў сапраўдную малітву — малітву сэрцам. Рытмічна сказаныя словы павінны «закалыхаць» яго, каб яно пачало медытаваць! Так! Бо Ружанец — гэта медытатыўная малітва. Гаворка ідзе пра разважанні над канкрэтнымі таямніцамі, як бы пад «мелодыю» паўтараемых слоў. Я павінен засяродзіцца на таямніцах, а не на пацерках ружанца. Сэнс і прыгажосць ружанцовай малітвы не ў панічнай засяроджанасці на сабе, але ў «настройцы сэрца». Дзякуючы яму душа адкрываецца на разважанні над праўдамі з жыцця Езуса і Марыі і з часам чэрпае з іх мудрасць для свайго жыцця.
Што значыць «разважаць»?
Малітва «Вітай, Марыя» — як сама Маці Божая: пакорная, але нечувана магутная. Яна валодае незвычайнай уласцівасцю: лячыць душу, супакойваць сэрца і засяроджваць увагу на разважанні аб таямніцах. Каб глыбей задумацца над імі, варта дапамагчы сабе гатовымі тэкстамі. Іх чытаюць перад кожнай дзясяткай. Дзе іх знайсці? Лепш у Бібліі. У Евангеллі вы знойдзеце ўрыўкі для кожнай таямніцы. Лепшых думак няма. Акрамя таго, спалучэнне такой «малітвы адкрытага сэрца» з Божым словам — гэта нібы канцэнтраваная доза самай карыснай ежы. Таксама разважанні можна знайсці ў малітоўніках або ў інтэрнэце. Часта яны грунтуюцца не толькі на Бібліі, але і на тэкстах святых аўтараў. Прачытаўшы разважанні, прыступіце да дзясяткі Ружанца. Кажаце «Вітай, Марыя», а ў сэрцы працягваецца сустрэча з Езусам, толькі без пісьмовага тэксту. Мысленне павінна даць вам імпульс. Астатняе зробіць тваё сэрца, укалыханае ў рытме паўтараемых слоў.
Не казка перад сном, а калыханка
Ружанец можна прамаўляць або спяваць. Адзін або разам. Услых або шэптам. Традыцыйна або з «дадаткамі». Незалежна ад формы, гэта абавязкова паўплывае на людзей, за якіх вы моліцеся, і на вас. Кожны раз, калі вы трымаеце ружанец у руцэ, ведайце, што Марыя трымае вас за руку. А там, дзе Яна, заўсёды струменіцца ласка. І заўсёды сыходзіць Дух Святы, Які дае мір і мудрасць. Не палохайцеся, калі падчас малітвы вы адцягнецеся і перад вачыма паўстануць надзённыя праблемы або блізкія людзі. Так дзейнічае Ружанец. Марыя наўмысна выдаляе з сэрца тое, што яго абцяжарвае, і пачынае перабіраць. Арганізуе думкі. Дапамагае распазнаваць сітуацыі і прымаць рашэнні. Многія людзі адчуваюць дзіўны супакой адразу пасля малітвы на ружанцы. Іншыя пасля малітвы раптам ведаюць, што трэба зрабіць, хоць нават не прасілі аб вырашэнні гэтай сітуацыі. Такім чынам, калі вы заўважылі, што падчас малітвы вас атакуюць нейкія думкі аб рэчах або людзях, неадкладна апускайце іх у гэтую малітву! Аддайце Маці Божай! Зрабіце з гэтага малітоўную інтэнцыю, і няхай малітва працягне ўзрушваць вашу душу. Гэта медытацыя. Спакой льецца ў сэрца. Душа закалыхана, але не засынае.
Я абяцаю!
Немагчыма пералічыць усе абяцанні, якія Марыя звязвае з Ружанцам. У аб’яўленнях Яна ўказвае на яго як на эфектыўны інструмент для навяртання чалавека і яго блізкіх. Ружанцовая малітва мае моц прасіць і захоўваць мір у свеце. На ружанцы можна маліцца аб цудах, аздараўленні і нават аб спыненні войнаў. Гісторыя неаднойчы пацвярджала незвычайнае ўмяшанне Бога ў справы, аб якіх маліліся на ружанцы. Варта прыгадаць хаця б Хірасіму, вайну на Балканах ці вызваленне калумбійскай сенатаркі Інгрыд Бэтанкур вайскоўцамі, якія з ружанцам у руках рыхтаваліся да гэтай акцыі. Святыя называлі Ружанец «бізуном для сатаны», а Хрыстус сказаў св. Гертрудзе, што «Вітай, Марыя» — гэта «манета, за якую здабываецца Неба». Ружанец — гэта такая нябесная кропельніца, дзякуючы якой за кожнае «Вітай» у тваё духоўнае цела капае чарговая кропля мудрасці і спакою. Той, хто моліцца на ружанцы, прымушае сатану капітуляваць, а сябе і свет хавае пад плашчом Марыі.
Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч