Святы Пасад: новая інструкцыя аб рэліквіях святых

16 снежня 2017 года ў Ватыкане была апублікавана інструкцыя Кангрэгацыі па справах Кананізацыі “Рэліквіі ў Касцёле: аўтэнтычнасць і захаванне”, паведамляе Ватыканскае радыё.

На самым пачатку, ва ўступе, тут гаворыцца, што рэліквіі заўсёды ўспрымаліся ў Касцёле “з асаблівай пашанай і ўвагай”, паколькі цела благаслаўлёных і святых “было на зямлі жывым храмам Святога Духа і прыладай іх святасці”. У той жа час, гучыць напамін, што рэліквіі “не могуць быць выстаўлены для шанавання вернікаў без спецыяльнага пасведчання касцёльных уладаў, якія гарантуюць іх аўтэнтычнасць”.

Традыцыйна рэліквіямі лічацца: цела благаслаўлёнага і святога, яго значныя часткі або ўвесь аб’ём попелу, які застаўся ў выніку крэмацыі, гаворыцца ў інструкцыі. І менавіта дыяцэзіяльныя біскупы і епархіяльныя іерэі, а таксама Кангрэгацыя па справах Кананізацыі павінны здзяйсняць асаблівы догляд і нагляд за захаваннем і шанаваннем рэліквій, іх абарону ад злоўжыванняў. Яны павінны захоўвацца ў запячатаных арыгінальных урнах і размешчаны ў месцах, якія гарантуюць бяспеку, адрозніваюцца сакральнасцю і спрыяюць пашырэнню культу.

Ва ўступе гаворка ідзе і пра невялікія фрагменты цела благаслаўлёнага і святога ці аб’екты, якія былі ў непасрэдным кантакце з гэтымі асобамі. Яны павінны захоўвацца і ўспрымацца згодна з рэлігійным духам, з пазбяганнем любых форм забабонаў і камерцыялізацыі.

Аналагічныя правілы прымяняецца і да парэштак Слуг Божых, чые працэсы беатыфікацыі і кананізацыі працягваюцца. Да часу, пакуль яны афіцыйна не ўзведзены да хвалы алтароў, з імі не можа быць звязана ніякае набажэнства ці прывілеі, уласцівыя благаслаўлёным або святым.

Новая інструкцыя замяняе сабой спецыяльны дадатак да інструкцыі “Sanctorum Mater”. У ёй прадстаўлена кананічная працэдура, якой неабходна прытрымлівацца, каб праверыць сапраўднасць рэліквій і парэштак, забяспечыць іх захаванне і садзейнічаць шанаванню праз канкрэтныя дзеянні: кананічнае прызнанне, узяцце фрагментаў і змяшчэнне ў рэліквіярый, перанясенне урны і перадачу рэліквій. Тут прапісаны ўмовы, неабходныя для атрымання згоды Кангрэгацыі па справах Кананізацыі для правядзення аперацый і працэдур, звязаных з перэгрынацыяй рэліквій.

Кампетэнтнай асобай, якая мае права выконваць усе аперацыі, звязаныя з рэліквіямі або парэшткамі, з’яўляецца дыяцэзіяльны біскуп або епархіяльны іерэй, пры ўмове згоды Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, напісана ў першай частцы дакументу. Тут гаворка ідзе, напрыклад, пра месца захавання рэліквій, яго змену, у межах дыяцэзіі або па-за ёй, пра ўзяцце фрагментаў.

Біскуп павінен “скрупулёзна” сачыць за тым, каб не ўзнікалі прыкметы незаконнага культу Слугаў Божых, якія яшчэ не абвешчаны благаслаўлёнымі, гаворыцца ў інструкцыі. Біскуп тэрыторыі, дзе знаходзяцца рэліквіі або парэшткі, можа дзейнічаць асабіста або праз свайго святара-дэлегата. Ён абавязаны прызначыць трыбунал, у які павінны ўвайсці біскупскі дэлегат, прамотар справядлівасці і натарыус. Павінны быць прызначаны таксама па меншай меры два вернікі – з духавенства, кансэкраваных асоб або свецкіх – з задачай выступаць у якасці сведак. Усе, хто прымае ўдзел у аперацыях, звязаных з рэліквіямі, павінны даць прысягу або абяцанне добрасумленна выконваць свае задачы і захоўваць службовую таямніцу.

У інструкцыі гучыць абсалютная забарона на гандаль, абмен у натуральнай форме або ў грашовым выразе, а таксама на продаж рэліквій. Нельга выстаўляць рэліквіі ў “прафанаваных” або несанкцыянаваных адпаведнымі касцёльнымі ўладамі месцах.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі