Святары-выпускнікі 2005 года сустрэліся ў Валкалаце

20-21 лістапада ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце (Віцебская дыяцэзія) адбылася сустрэча выпускнікоў 2005 года Гродзенскай духоўнай семінарыі.

Сустрэчу арганізаваў і запрасіў святароў пробашч парафіі ксёндз Алег Півавар. Урачыстай святой Імшой, якую цэлебраваў ксёндз Дзмітрый Кернога, пробашч з Лунінца, разам са святарамі-аднакурснікамі і вернікамі парафіі праслаўлялі Пана Бога і дзякавалі за дар святарства.

Гамілію прамовіў ксёндз Віталь Міснікевіч, пробашч з Баранавіч, які падкрэсліў вялікую ролю адзінства і любові да святарства. Парафіяне на заканчэнне набажэнства падзякавалі святарам за прыезд.

На другі дзень маладыя святары наведалі былога пробашча айца Пятра, які ўжо 10 гадоў знаходзіцца ў інваліднай калясцы. Сустрэча з айцом Пятром прайшла ў цудоўнай атмасферы, святар цікавіўся працай святароў і радаваўся, што касцёл у Беларусі малады і развіваецца. Таксама айцец Пётр удзяліў святарам бласлаўленне.

Ксёндз Віктар Захарэўскі, тэкст і фота

для друку для друку