Свецкія вернікі не могуць прапаведаваць замест гаміліі падчас святой Імшы нават у выключных абставінах, паведаміла нямецкім біскупам Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.
23 чэрвеня 2026 года Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікавала паведамленне, у якім гаворыцца, што 30 сакавіка Канферэнцыя Біскупаў Германіі звярнулася да гэтага ведамства з просьбай даць дазвол на тое, каб у выключных абставінах належна ўпаўнаважаныя свецкія вернікі маглі прапаведаваць замест гаміліі падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі.
У лісце ад 17 чэрвеня, адрасаваным старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі, біскупу Хайнеру Вільмеру, Дыкастэрыя паведаміла, што такі дазвол даць не можа.
“Выказваючы падзяку за пастырскі клопат, які натхніў гэты запыт, Дыкастэрыя пацвярджае, што ад існуючай дысцыпліны нельга адступіць праз дазвол, паколькі замацаванне гаміліі за святаром або дыяканам з’яўляецца не проста дысцыплінарнай нормай, але вынікае з самой прыроды літургіі.
Гамілія з’яўляецца неад’емнай часткай Літургіі слова, непарыўна звязана з абвяшчэннем Евангелля і ўяўляе сабой выкананне “munus docendi”, даручанага пасвячаным святарам праз сакрамант пасвячэння.
Абвяшчэнне Божага слова падчас літургічнай цэлебрацыі неаддзельнае ад місіі, атрыманай сакрамантальным чынам, і ад адзінства, якое злучае Божае слова і сакрамант у эўхарыстычнай цэлебрацыі.
У лісце таксама падкрэсліваецца важнасць пастаяннай фармацыі пасвячаных святароў, каб гамілія магла поўнасцю выяўляць сваю пастырскую і духоўную эфектыўнасць.
Нарэшце, Дыкастэрыя нагадвае, што дзеючая дысцыпліна Касцёла ўжо прадугледжвае шматлікія формы абвяшчэння Божага слова і прапаведавання, якія могуць быць даручаны свецкім вернікам па-за гаміліяй і цэлебрацыяй Эўхарыстыі, у адпаведнасці з кананічным правам і ўласнай прыродай гэтых формаў абвяшчэння Евангелля”, — гаворыцца ў тэксце ватыканскага паведамлення.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!