Святы Айцец сустрэўся са сваякамі ў П’емонце

Папа са сваёй стрыечнай сястрой Карлай Рапецанэ

Папа Францішак здзяйсняе візіт на радзіму сваіх продкаў – у горад Асці ў вобласці П’емонт на поўначы Італіі. Менавіта з ваколіц гэтага месца ў 1929 годзе яго тата эміграваў у Аргенціну разам са сваімі бацькамі.

Пантыфік правядзе ў Асці два дні. Ён прыбыў туды на верталёце з Ватыкана ў другой палове дня 19 лістапада 2022 года, пасля чаго адправіўся на аўтамабіле ў мястэчка Портакамара, каб адведаць сваю стрыечную сястру Карлу Рабецанэ. Яе 90-годдзе стала нагодай для падарожжа Святога Айца.

Затым Папа Францішак завітаў у мясцовы дом для пажылых людзей, да якіх звярнуўся з прывітальным словам і паразмаўляў з кожным з прысутных. Пасля гэтага ён наведаў мястэчка Тыльёле, дзе пражываюць іншыя члены сям’і Бэрголіа.

20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, у катэдральным касцёле Асці Пантыфік будзе цэлебраваць урачыстую святую Імшу, пасля якой зноў сустрэнецца са сваякамі ў рэзідэнцыі мясцовага біскупа – яны разам паабедаюць, а меню будзе ўключаць традыцыйныя п’емонцкія стравы. У другой палове дня Папа Францішак прыме ўдзел у дыяцэзіяльным Дні моладзі. Вечарам ён вернецца ў Ватыкан.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі