Святы Айцец просіць аб малітве за сваю пілігрымку ў Ірак

3 сакавіка, на заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа Францішак звярнуўся да вернікаў ва ўсім свеце з просьбай аб малітоўнай падтрымцы яго Апостальскага падарожжа ў Ірак, што пачнецца ў пятніцу, 5 сакавіка.

“Паслязаўтра, калі Бог дасць, паеду ў Ірак з трохдзённай пілігрымкай. Я даўно хацеў наведаць народ, які так шмат выцерпеў, сустрэцца з Касцёлам мучанікаў”, — прызнаўся Папа Францішак.

Пантыфік выказаў спадзяванне, што ў зямлі Абрагама ён і іншыя рэлігійныя лідары разам зробяць яшчэ адзін крок наперад у братэрстве паміж вернікамі.

“Прашу вас падтрымаць гэта Апостальскае падарожжа сваімі малітвамі, каб яно прайшло найлепшым чынам і прынесла жаданы плён. Нас чакае іракскі народ. Ён чакаў св. Яна Паўла ІІ, якому было забаронена прыехаць. Не можна расчараваць гэты народ у другі раз. Будзем маліцца, каб падарожжа стала паспяховым”, — заклікаў Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку