Святы Айцец перасцярог ад духоўнай ляноты

Малітва ніколі не азначае пазбягання жыццёвых цяжкасцей, а святло веры не служыць прыгожым духоўным эмоцыям, — адзначыў Папа 28 лютага 2021 г. падчас разважанняў перад малітвай Анёл Панскі.

Каментуючы апісанне перамянення Езуса на гары ў прысутнасці трох вучняў, Пантыфік адзначыў, што падзея прадвяшчае ўваскрасенне Збаўцы і дае спалоханым апосталам “святло для вандроўкі праз цемру: смерць не будзе канцом усяго, бо яна адкрыецца на славу Уваскрасення”.

Жыць святлом у цэнтры Вялікага посту – гэта “запрашэнне памятаць, асабліва калі прыходзяць цяжкія выпрабаванні, пра тое, што Пан уваскрос і не дазваляе цемры мець апошняе слова”.

Папа заўважыў, што “часам мы праходзім праз хвіліны цемры ў асабістым, сямейным ці грамадскім жыцці, і баімся, што з гэтага няма выхаду”. “Мы адчуваем жах перад вялікімі пытаннямі, такімі як хвароба, пакута нявінных або таямніца смерці. На шляху веры мы часта губляемся, сутыкаючыся са скандалам крыжа і патрабаваннямі Евангелля, якое просіць нас прысвяціць сваё жыццё служэнню і страціць яго ў любові, а не захоўваць для сябе і абараняць. Таму нам патрэбна іншая перспектыва, святло, якое глыбока асвятляе таямніцу жыцця і дапамагае нам выходзіць за рамкі нашых схем і крытэрыяў гэтага свету. Таксама і мы пакліканы падняцца на гару, каб палюбавацца прыгажосцю Уваскрослага, Які запальвае прамяні святла ў кожны момант нашага жыцця і дапамагае нам інтэрпрэтаваць гісторыю на аснове Яго велікоднай перамогі”, — адзначыў Святы Айцец.

Аднак Пантыфік папярэдзіў, што пачуццё, выказанае апосталам Пятром – “добра нам тут быць” – “не павінна ператварыцца ў духоўную ляноту”. “Мы не можам заставацца наверсе і ў адзіноце атрымліваць асалоду ад шчасця гэтай сустрэчы. Сам Езус вяртае нас у даліну, да нашых братоў і сясцёр, у наша паўсядзённае жыццё”, — звярнуў увагу Папа Францішак.

Падняцца на гару не азначае забыцца на рэальнасць, — падкрэсліў Папа. Малітва ніколі не азначае пазбягання жыццёвых цяжкасцей, а святло веры не служыць прыгожым духоўным эмоцыям. “Мы пакліканы перажыць сустрэчу з Хрыстом, каб, азораныя Яго святлом, маглі несці яго і ззяць усюды. Запальваць маленькія агеньчыкі ў сэрцах людзей, быць маленькімі агеньчыкамі Евангелля, якія прыносяць крыху любові і надзеі – гэта місія хрысціяніна”, — заўважыў Папа Францішак.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку