Святы Айцец моліцца за ахвяр паводкі ў Руандзе і трагедыі ў Сербіі

Наступствы паводкі ў Руандзе

Папа Францішак з глыбокім смуткам прыняў навіну пра гібель людзей і разбурэнні, выкліканыя нядаўнімі паводкамі і запэўнівае ў сваёй малітве за памерлых, параненых, абяздоленых, а таксама за ўдзельнікаў ратавальных мерапрыемстваў, удзяляючы ўсяму руандскаму народу боскае благаслаўленне сілы і спакою, — гаворыцца ў тэлеграме, якую кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін 4 мая 2023 года скіраваў на імя Апостальскага нунцыя ў Руандзе, арцыбіскупа Арнальда Каталана.

Моцныя дажджы працягваюцца ў афрыканскай краіне з канца сакавіка. Яны прывялі да паводкі і апоўзняў, у выніку якіх былі затоплены і разбураны каля пяці тысяч жылых дамоў. Ратавальнікі намагаюцца дапамагчы насельніцтву і шукаюць зніклых без вестак.

Малітва за ахвяр страляніны ў Сербіі

3 мая 2023 года ў Бялградзе 13-гадовы хлопец адкрыў агонь у школе імя Уладзіслава Рыбнікара, забіўшы восем вучняў і вахцёра. На наступны дзень у Младэнаваце адбылася новая страляніна: 21-гадовы мужчына адкрыў агонь з аўтамабіля, забіўшы восем чалавек.

У тэлеграме, адрасаванай арцыбіскупу Бялграда Ладзіславу Немету, Папа выказаў шчырыя спачуванні ўсім, хто пацярпеў ад “бессэнсоўных актаў гвалту”, якія адбыліся ў Сербіі і ў Младэнаваце. Святы Айцец духоўна падзяляе гора ўсіх тых, хто аплаквае смерць нявінных ахвяр і “даручае душы загінулых ласкавым абдымкам Уваскрослага Пана”. Заклікаючы суцяшэнне і сілу Святога Духа, Папа Францішак удзяляе апостальскае благаслаўленне сем’ям загінулых і параненым, жадаючы ім стойкасці ў веры, — гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме.

Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі