Святочная сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў Полацку

21 снежня ў полацкі касцёл Святога Андрэя Баболі з’ехаліся святары і манахіні з Віцебскай дыяцэзіі на святочную сустрэчу разам з пастырам дыяцэзіі.

Спатканне распачалося з малітвы ў цішыні перад Езусам Эўхарыстычным, падчас якога многія скарысталі з магчымасці споведзі.

Прамаўляючы Божае слова, біскуп Алег Буткевіч паразважаў над асобай святога Юзафа і яго роляй у жыцці сучаснага святара. “Святы Юзаф служыць прыкладам глыбокай малітвы і ўнутранага засяроджання. Папа Францішак, кажучы пра заслугі святога, падкрэслівае, што ён патрапіў кожную цяжкую сітуацыю, нават крытычную, ператварыць сабе ў шанец. Не ў нейкую трагедыю ці расчараванне ў сваім жыцці, а ў шанец. Кожная цяжкая сітуацыя, калі пазітыўна “развязваецца”, становіцца шанцам для чалавека. А гэта становіцца дзякуючы паслухмянасці Божаму слову, якое тлумачыць сэнс таго, што адбываецца і паказвае дарогу, якой меўся выконваць гэтае заданне, слова, якое наводзіць парадак у жыцці, дапамагае не трапіць у хаос у незразумелай сітуацыі. Праз паслухмянасць Божаму слову, св. Юзаф з’яўляецца нашым прыкладам у жыцці і святарскай паслузе”, — падкрэсліў біскуп Алег.

Пасля св. Імшы разглядаліся надзённыя пытанні Касцёла ў дыяцэзіі.

Духоўны айцец святароў дыяцэзіі ксёндз Валерый Марціноўскі падчас канферэнцыі засяродзіў увагу прысутных на тэму духоўнасці дзіцяці ў гэтым часе. Святар прывёў некалькі прыкладаў  параўнання Божага дзяцінства і інфантыльнасці ў сучасным чалавеку.

Важным момантам сустрэчы стала супольное дзяленне аплаткамі, падчас якога кожны мог асабіста выказаць іншаму віншаванні і самыя шчырыя пажаданні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі