Рэдка можна ўбачыць святара, які апранае кухарскі фартух і гатуе ежу на кухні рэстарана. Аднак айцец Леа Паталінгхуг, які жыве ў Балтыморы (ЗША), незвычайны святар. Ён спалучае сваю страсць да кулінарыі з глыбокай верай, ствараючы ўнікальную форму служэння.
Айцец Леа Паталінгхуг, вядомы па такіх радыё- і тэлепраграмах, як «Смакуючы нашу веру» на EWTN, дзе ён распавядае пра ежу і веру, таксама з’яўляецца вядомым шэф-поварам. Яго кулінарны талент прыцягнуў увагу шырокай аўдыторыі, асабліва пасля таго, як ён выйграў конкурс у 2009 годзе.
Натхнёны гэтым поспехам, а. Паталінгхуг запусціў фуд-трак і нядаўна адкрыў новы рэстаран у цэнтры Балтымора пад назвай «Gastro Social».
Gastro Social — гэта больш, чым проста яшчэ адзін рэстаран на кулінарнай карце Балтымора. Гэта месца, дзе падаюць не толькі ежу, але і другі шанец на жыццё. Айцец Паталінгхуг наймае ў свой рэстаран і фуд-трак людзей, якія калісьці апынуліся на ўзбочыне грамадства — былых зняволеных, людзей са складанага асяроддзя, у якіх часта няма іншага шанцу на нармальнае жыццё.
«Я павінен стаць тым, што я ем»
Для айца Леа служэнне іншым глыбока ўкаранёна ў веры. — Самае галоўнае ў маім жыцці як каталіцкага святара — гэта Эўхарыстыя, — тлумачыць ён. — Гэта ежа, якая сілкуе мяне, і калі я бяру яе, я павінен, як сказала мая маці, стаць тым, што я ем, — дадае ён.
Айцец Леа паказвае, што святарскае служэнне не павінна абмяжоўвацца сценамі касцёла. Яго праца на кухні, за рулём фуд-трака, а перш за ўсё ў сэрцах тых, каму ён дае надзею, з’яўляецца доказам таго, што смак ежы і смак веры могуць разам змяніць жыццё.
Паводле deon.pl
пераклад Марыны Ткач
фота: Instagram
