10 жніўня вёска Гліншчына ў Пастаўскім раёне адзначыла свята вёскі. Гэта была цудоўная нагода сустрэцца ў роднай мясціне былым вяскоўцам, якія цяпер жывуць у розных куточках краіны і нават за яе межамі. У Гліншчыне, якая некалі налічвала дзве сотні жыхароў, стала жывуць дзве жыхаркі, а яшчэ чатыры хаты выкарыстоўваюцца як лецішчы.
Святкаванне пачалося з супольнай малітвы ля крыжа ў цэнтры вёскі. Святую Імшу цэлебравалі ксёндз Антоній Лагунёнак з Дунілавічаў і айцец Пётр Фарына OCD з Нарачы. Ксёндз Антоній у казанні засяродзіў увагу на асобе святога мучаніка Лаўрэнція, свята якога якраз прыпадае на 10 жніўня. Святы Лаўрэнцій прыняў мучаніцкую смерць за веру, аддаў жыццё за жыццё вечнае. Святар прапанаваў кожнаму задумацца пра вечнасць, нагадаў, што былыя насельнікі вёскі клапаціліся пра свае хаты, агароды, гаспадарку, але ў вечнасці гэта ім ужо не патрэбнае. Усе гэтыя зямныя рэчы прыходзяць у заняпад. Але варта і пры зямных клопатах памятаць пра малітву, сакраманты, добрыя ўчынкі, прасіць аб ласцы навяртання, шукаць Пана Бога, маліцца за продкаў.
Потым адбылося асвячэнне абразоў св. Яна Хрысціцеля, з гэтага дня — апекуна вёскі, а таксама былі асвечаныя транспартныя сродкі.
Жана Федзіна пазнаёміла прысутных з гісторыяй вёскі Гліншчына, што жыццё продкаў было непарыўна звязана з касцёлам. Расказала пра арышт айца Кардэля ў 1948 годзе, пра трагічны лёс касцёла ў Дунілавічах, які выкарыстоўваўся як склад угнаенняў і збожжасховішча. Касцёл быў вернуты католікам у 1989 годзе ў жудасным стане. Дзякуючы намаганням ксяндза Кшыштафа Пажарскага і вернікаў да канца 1992 года святыня была адноўлена.
Супрацоўнікі «Каталіцкага Весніка» расказалі пра заснаванне газеты, яе распаўсюджванне, тэматыку выдання.
Святочны настрой удзельнікам мерапрыемства падарыла канцэртная праграма, пад кіраўніцтвам Іны Русецкай, падчас якой гучалі вершы і песні, прысвечаныя вёсачцы і яе жыхарам. Былі ўшанаваныя старэйшыя жыхаркі вёскі Богуш Эльвіна Юзэфаўна і Сеганкевіч Таццяна Іванаўна. Сваёй прысутнасцю на свяце парадавала прадстаўнік мясцовых уладаў Таццяна Кімстач.
Па-дамашняму ўтульная, душэўная сустрэча землякоў доўга будзе саграваць сэрцы і абуджаць светлыя ўспаміны.
Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


































