Сусветныя СМІ пішуць пра візіт Папы ў Манголію. News York Times звярнула ўвагу на прывітанне “годнае караля”, якое Святы Айцец сустрэў на зямлі Чынгісхана.
Манголія прадставіла сваю гісторыю і культуру падчас першага ў гісторыі папскага візіту ў гэту краіну, хоць адносіны паміж бакамі існуюць на працягу стагоддзяў, — падкрэсліў журналіст амерыканскага выдання. Ён зазначыў, што ў Манголіі, краіне пераважна будысцкай і атэістычнай, некаторыя жыхары ўвогуле не ведаюць кім з’яўляюцца католікі.
Выданне Crux заўважыла, што візіт Папы Францішка ў Манголію з’яўляецца “класічным прыкладам ватыканскага мыслення ў катэгорыях стагоддзяў”. “Часам, жартуючы кажуць, што ватыканскі спосаб дзеяння можна падсумаваць наступным чынам: “Паразмаўляй са мной у сераду, а я адгукнуся праз 300 год”, — напісаў ватыканіст выдання. У сувязі з гэтым ён згадаў пра місію Джавані дэ Плана Карпіні, які каля 800 гадоў таму прыбыў у Манголію ў якасці пасланніка Папы.
Французскае Le Figaro звяртае ўвагу на тое, што падарожжа Святога Айца ў Манголію з’яўляецца “павольным манеўрам, які мае на мэце набліжэнне да кітайскай імперыі”. “Разам з Манголіяй Папа наведаў шэсць суседніх краін, якія яго запрасілі: Паўднёвую Карэю, Японію, Філіпіны, М’янму і Казахстан. Папа Францішак ніколі не хаваў таго, што марыць аднойчы стаць першым Папам у гісторыі, які будзе запрошаны ў Пекін. Не для сваёй хвалы, але для будучыні Каталіцкага Касцёла ў Кітаі”, — гаворыцца на старонках выдання.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
