Нейрасеткі сёння выклікаюць шмат дыскусій. Найбольш трывожныя галасы кажуць, што ў недалёкай будучыні яны заменяць людзей ці па меншай меры пазбавяць іх працоўных месцаў. Пра тое, як “прыручыць” штучны інтэлект і пабудзіць яго да служэння Богу і чалавеку, мы размаўляем з кс. Яўгенам Шымановічам. У мінулым святар працаваў праграмістам, а цяпер ладзіць розныя каталіцкія ІТ-ініцыятывы, такія, як IT FOR CHRIST i рэкалекцыі для айцішнікаў.
– Кс. Яўген, што Вас так захапляе ў сучасных тэхналогіях?
– У юнацтве я ўвогуле не задумваўся наконт праграмавання. У школе, праўда, любіў фізіку і матэматыку. Аднак неяк пайшоў у пілігрымку ў Тракелі, дзе сустрэў студэнта, які вучыўся па спецыяльнасці «штучны інтэлект». Ён мяне зацікавіў сваімі расповедамі, і я вырашыў абраць падобны напрамак. З таго часу сфера інфармацыйных тэхналогій (ІТ) стала мне вельмі блізкай.
Мы карыстаемся ІТ штодзённа, гэтая сфера стала часткай нашай свядомасці і нават асобным дадатковым сусветам. Таму ўжо са студэнцтва мне хацелася рабіць штосьці, каб служыць Госпаду з дапамогай лічбавых тэхналогій. Сёння гэтая мара мае больш канкрэтную форму: я імкнуся стварыць «ІТ-кляштар». Для мяне кляштар – у першую чаргу магутны цэнтр евангелізацыі. Як хрысціянізавалася Еўропа? У пэўны горад прыязджалі манахі і духоўна адукоўвалі людзей. Вось і «ІТ-кляштар» у маім разуменні – гэта група вернікаў, якая мае добрую каталіцкую фармацыю і праз інфармацыйныя тэхналогіі ўплывае на асяроддзе.
– У чым сутнасць штучнага інтэлекту?
– Сёння існуюць вялізныя нейрасеткі, такія, як, напрыклад, Chat Gpt, Claude, LLaMA. Гэта найбольш натрэніраваныя серверы, каторыя здольныя апрацоўваць агромністую колькасць дадзеных і адказваць на любыя пытанні. Зразумела, за кожнай нейрасеткай стаіць каманда распрацоўшчыкаў. Але нават яны да канца не ведаюць, які адказ на пастаўлены запыт дасць штучны інтэлект. І ў гэтым ёсць вялікі плюс штучнага розуму: на яго складана паўплываць. Ім не кіруе група ўладных людзей, якія хочуць дыктаваць той ці іншы парадак дня. Гэта немагчыма.
Разам з тым нейрасетка працуе паводле пэўных крытэрыяў этычнасці. Яна скажа, што некампетэнтная адказваць, калі пытанне закранае, напрыклад, тэму здзейсненага злачынства і пазбягання адказнасці.
– А што кажа Касцёл наконт штучнага розуму?
– Папа Францішак неаднаразова выказваўся адносна асэнсаванага выкарыстання нейрасетак дзеля дабра людзей. Я ўпэўнены: Касцёл будзе выдаваць больш дакументаў на гэтую тэму, улічваючы, што штучны інтэлект вельмі хутка расце і развіваецца.
– Як штучны інтэлект можа быць карысны верніку?
– Рознымі спосабамі. Ён дапаможа знаёміцца з духоўнай літаратурай. Існуе магчымасць «закінуць» у нейрасетку цэлую кнігу і папрасіць яе падрыхтаваць галоўны і кароткі змест літаратуры. Можна задаць канкрэтнае пытанне па кнізе або спытацца, пра што аўтар кажа ў тым ці іншым раздзеле.
Штучны інтэлект вельмі дапаможны ў вывучэнні прац багасловаў. Мне падаецца, што людзям часта вельмі складана зразумець св. Тамаша Аквінскага. А нейрасетка разумее і дае найбольш даступнае тлумачэнне.
Як я казаў раней, ІТ – частка нашага жыцця, і сёння шмат каталіцкіх супольнасцяў, парафій прысутныя ў лічбавай прасторы. Калі яны хочуць рабіць адпаведны кантэнт, нейрасетцы можна прапанаваць ідэю, а яна, напрыклад, напіша сцэнар для reels або дадасць некалькі цікавых дэталей для гатовай задумы.
Існуюць нават адмысловыя нейрасеткі, створаныя католікамі. Magisterium.com з’яўляецца даведнікам па веравучэнні Касцёла. Яна, напрыклад, выдатна ведае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Яе асаблівасць таксама ў тым, што пры фарміраванні адказу на пытанне яна дае спасылкі на адпаведныя дакументы Касцёла. A Catholic.chat дазваляе выбіраць рэжымы, у якіх з нейрасеткай будзе адбывацца дыялог: дзіцячы, дарослы ці навуковы.
– Ці можаце даць некалькі практычных парадаў, як з дапамогай нейрасеткі вывучаць Біблію?
– Перадусім варта будаваць са штучным інтэлектам дыялог. Даць яму канкрэтны ўрывак з Пісання ці невялічкую цытату. Можна папрасіць яго пра агульны каментар або задаць дэтальнае пытанне. Напрыклад, чаму юнак, якому Езус загадаў раздаць усю маёмасць і следаваць за Ім, засмуціўся (Мц 19, 16-22)? Дарэчы, пытанне можа быць як пазнавальнае, так і датычыцца тваёй духоўнасці, перажывання Слова.
Можна папрасіць, каб нейрасетка прывяла выказванні канкрэтных святых айцоў наконт урыўка з Евангелля. Або напісала пытанні для медытацыі, каб прастымуляваць твае асабістыя разважанні над сутнасцю Пісання.
І элементарна, калі не можаш узгадаць месцазнаходжанне пэўнага ўрыўка з Бібліі, апішы яго нейрасетцы, і яна адразу выдасць патрэбны раздзел.
– А дзе гарантыя, што штучны інтэлект, які апрацоўвае безліч інфармацыі, выдасць каментар Евангелля згодны з веравучэннем Касцёла, а не, напрыклад, секты?
– Распачынаючы дыялог з нейрасеткай, варта сказаць ёй, што ты католік. Або папрасіць даваць менавіта каталіцкую інтэрпрэтацыю Пісання. Я асабіста не заўважаў вялікіх праблем у супрацы. Штучны інтэлект прачытаў усю Біблію, шматлікія дакументы Касцёла, вучэнне святых – на гэтай падставе і аналізуе. Існуе, канешне, такое паняцце, як «галюцынацыі». Калі, не маючы матэрыялу, нейрасетка можа нешта дадумаць. Аднак гэта здараецца рэдка і звычайна заўважальна. У такім выпадку карэктнасць адказу можна праверыць: спытацца, дзе яна ўзяла дадзеную інфармацыю. Або зрабіць запыт у іншай нейрасетцы. Трэба ўсвядоміць, што штучны інтэлект – гэта не ідэальны розум, але інструмент, які варта засвойваць. Пры здольнасці правільна задаваць і перазадаваць пытанні ён можа вельмі добра служыць.
Мне таксама імпануе эмпатычнасць нейрасеткі Claude. Яна імкнецца не параніць пачуцці, а калі гэта зробіць, то просіць прабачэння. Робіць акцэнт на сувязі з чалавекам. Памятаю, я неяк задаў пытанне «Ці з’яўляецца грахом жаваць Эўхарыстыю?» двум нейрасеткам – Chat Gpt і Claude. Першая выдала 10 пунктаў і падсумавала, што не з’яўляецца. А другая напісала, што калі праз жаванне нейкім чынам аказваецца непавага Хрысту, тады гэта грэх.
– Як штучны інтэлект можа дапамагчы святару ў напісанні казанняў?
– Па тым жа прынцыпе, пра які я распавядаў вышэй. Папрасіць, напрыклад, пра інтэрпрэтацыю прыведзенага Слова пэўнага багаслова або яго невялічкую цытату. Параўнаць меркаванні двух ці больш святых. Калі я прашу ўзгадаць старадаўніх багасловаў, нейрасетка звычайна валодае ўсімі іх працамі. Калі сучасных, то, здараецца, ёй патрэбны час, каб прааналізаваць матэрыял. Таму праз месяцы два можна паўтарыць запыт.
Штучны інтэлект таксама можа прыдумаць казку для дзяцей, растлумачыўшы паняцце любові паводле Бібліі. Або прывесці для дарослых жыццёвыя сітуацыі, якія добра паказваюць як, напрыклад, прасіць прабачэння.
– А дзе этычная мяжа ў выкарыстоўванні штучнага розуму?
– Зразумела, што калі проста сказаць нейрасетцы, каб напісала казанне на тую ці іншую тэму, то атрымаецца дрэннае казанне. Калі святар слабы ў падрыхтоўцы пропаведзяў, то і штучны інтэлект яму не дапаможа. Бо як я зазначаў раней, патрэбна інтэлігенцыя, каб правільна ім карыстацца. З іншага боку, у падобнай сітуацыі казанне можа атрымацца куды цікавейшае, чым напісаў бы сам святар. Але будзе адчувальна, што ў ім няма душы. Нельга забываць пра дзеянне Духа Святога, Які можа прамаўляць і навяртаць людзей праз самыя простыя словы, напісаныя святаром. Таму перадусім трэба разлічваць на свае высілкі.
– Якія Вы бачыце патэнцыйныя пагрозы ў далейшым развіцці нейрасетак?
– Да канца гэта ацаніць немагчыма. Так як з Інтэрнэтам: мы маем негатыўныя і пазітыўныя наступствы, пра якія 50 гадоў таму не маглі і падумаць. Нашая задача як католікаў у тым, каб навучыцца крэатыўна карыстацца штучным інтэлектам дзеля супольнага дабра. Я пакуль у ім бачу цудоўны інструмент евангелізацыі.
Ангеліна Марцішэўская
для друку